Францішак: супакой Хрыста няхай будзе арбітрам у вашых сэрцах
6 верасня 2019 г. у першай палове дня на Нацыянальным стадыёне “Зімпэту” ў Мапуту, які ўмяшчае каля 65 тыс. чалавек, Пантыфік узначаліў урачыстую Эўхарыстыю на партугальскай мове.
Каментуючы ў гаміліі ўрывак з Евангелля св. Лукі (6, 27-38), у якім Езус вучыць любіць сваіх ворагаў, Папа заўважыў, што наш Пан кажа гэтыя словы “ясна, проста і цвёрда”. Ён “не ідэаліст, які ігнаруе рэчаіснасць”, а таму кажа пра канкрэтнага, рэальнага ворага: пра кожнага, хто ненавідзіць, зневажае і адкідае нашае імя як зло (пар. Лк 6, 22).
“Езус не запрашае нас да абстрактнай, незямной або тэарэтычнай любові” – Ён прапануе шлях, які сам пераадолеў першым, шлях, які прывёў Яго да любові ў дачыненні да тых, хто Яму здрадзіў, хто несправядліва Яго судзіў, хто забіў Яго. “Любіце ворагаў вашых” (Лк 6, 27) – “гэта мандат, разлічаны на актыўную добразычлівасць, бескарыслівую і надзвычайную ў адносінах да тых, хто нас параніў”, сказаў Францішак.
“Такім запрашэннем Езус, далёкі ад таго, каб быць упартым мазахістам, жадае назаўсёды спыніць надзвычай распаўсюджаную – як учора, так і сёння – практыку: быць хрысціянамі і жыць паводле закону адплаты. Немагчыма планаваць будучыню, будаваць нацыю, грамадства, заснаваныя на “роўнасці насілля”. Не магу ісці за Езусам, калі пашыраю і жыву па прынцыпе “вока за вока, зуб за зуб”, - перасцярог Святы Айцец.
Ён заўважыў, што Езус прапануе іншы шлях: “Як хочаце, каб рабілі вам людзі, так вы ім рабіце” (Лк 6, 31), што падразумявае ўзаемную любоў і дапамогу, без разліку на атрыманне нечага ўзамен.
“Гаворка ідзе пра паводзіны, характэрныя моцным, а не слабым; паводзіны людзей, якія ўсведамляюць, што неабавязкова дрэнна абыходзіцца з іншымі, няславіць ці прыгнятаць, каб адчуваць сваю важнасць, хутчэй наадварот. І ў такіх паводзінах – прароцкая моц, якой нас навучыў сам Езус Хрыстус, (...) паказаўшы, што правільны шлях – гэта служэнне”, - адзначыў Пантыфік.
Ён з сумам канстатаваў парадокс, які назіраецца ў Мазамбіку: у краіне, поўнай прыродных і культурных багаццяў, велізарная колькасць людзей жыве за мяжой беднасці, а тыя, хто нібыта жадае ім дапамагчы, здаецца, дбаюць аб іншых інтарэсах. Шкада, працягнуў Францішак, што такое адбываецца паміж братамі адной зямлі, і вельмі небяспечна прызнаваць, што такой ёсць сапраўдная цана знешняй дапамогі.
“Супакой Хрыста няхай будзе арбітрам у вашых сэрцах”, - пажадаў Святы Айцец напрыканцы гаміліі і дадаў, што кожны раз, калі адчуваем супярчлівыя пачуцці і нерашучасць, варта задумацца над тым, як бы ў такой сітуацыі паступіў Езус.
“Рашэнне Хрыста ўтрымае нас на шляху любові, на сцежцы міласэрнасці, у выбары на карысць самых бедных, у ахове прыроды. На дарозе супакою. Калі Езус будзе арбітрам пасярод супярэчлівых эмоцый нашага сэрца, складаных рашэнняў краіны, тады Мазамбік забяспечыць сабе будучыню надзеі; тады вашая краіна зможа з удзячнасцю і ад усяго сэрца спяваць Богу псальмы, гімны і духоўныя песні (пар. Клс 3, 16)”, - запэўніў Святы Айцец вернікаў Мазамбіка.