Францішак запісаў відэапасланне да мадагаскарцаў
“Дзякуючы Божай ласцы, я буду з вамі праз некалькі дзён! Цяпер хачу скіраваць да вас шчырае прывітанне разам з падзякай за ўсё, што вы зрабілі і робіце, рыхтуючыся да майго візіту”, - сказаў Папа, пачынаючы свой відэазварот.
За некалькі дзён да прыезду ў сталіцу краіны Антананарыву Святы Айцец выказаў падзяку мясцовым жыхарам, у першую чаргу, за малітву, як асабістую, так і тую, якая гучыць у парафіях, бальніцах і турмах. “Малітва не мае межаў, і калі буду на Мадагаскары, хоць мне ўдасца наведаць толькі некаторыя месцы, сваёй малітвай дасягну ўсіх і буду прасіць Божага благаслаўлення для ўсіх”, - сказаў ён.
Пантыфік таксама адзначыў той факт, што Мадагаскар вядомы прыгажосцю навакольнага асяроддзя. “Мы абавязаны дбайна аберагаць прыроду. Але ёсць яшчэ нешта прыгожае, што больш ляжыць на сэрцы Хрыста і Папы: прыгажосць народа – вашая святасць! Менавіта таму я прыеду падтрымаць вас у веры і адначасова пачарпнуць з яе. Няхай Найсвяцейшая Панна дапаможа нам прыняць гэты дар. Дзякуй і да сустрэчы!”, - завяршыў сваё відэапасланне Францішак.
Мадагаскар стане другой з трох краін, якія наведае Папа падчас свайго Апостальскага падарожжа ў Паўднёва-Усходнюю Афрыку. Падчас тыднёвай пілігрымкі, якая пачнецца 4 верасня 2019 г., ён таксама пабывае ў Мазамбіку і на Маўрыкіі.