Францішак: не бойцеся ўдзельнічаць у “рэвалюцыі ласкавасці”
Трываць у еднасці з Хрыстом і клапаціцца пра самых малых, заклікаў Папа дзяцей і моладзь з Сацыяльнага цэнтра імя кс. Давіда дэ Алівэйра Марцінша, які дзейнічае ў партугальскім горадзе Брага.
Падчас аўдыенцыі, якая прайшла 28 верасня 2019 г. у Ватыкане, Францішак заклікаў сваіх гасцей быць “пасламі любові” для аднагодак, а таксама бедных і пажылых людзей. Пантыфік нагадаў пра важнасць прабывання ў еднасці з Хрыстом у малітве і клопаце пра іншых.
“Не бойцеся ўдзельнічаць у рэвалюцыі, да якой Ён вас кліча – рэвалюцыі ласкавасці. Хрыстус крочыць поруч з вамі і вядзе вас!”, - запэўніў Святы Айцец.
Папа пажадаў дзецям і моладзі ніколі не адчуваць сябе самотнымі і станавіцца носьбітамі Божай міласэрнасці, пяшчоты і любові адзін для аднаго.
28 верасня 2019, 13:37