Пантыфік да моладзі Мазамбіка: вы – абяцанне лепшага жыцця
5 верасня 2019 г., адразу пасля сустрэчы з прадстаўнікамі кіруючых колаў краіны, якая прайшла ў Прэзідэнцкім палацы, Папа, у суправаджэнні арцыбіскупа Мапуту Франсішку Шымоё, накіраваўся на сталічны стадыён, дзе адбылася міжрэлігійная сустрэча з моладдзю.
Маладыя вернікі Мазамбіка – католікі, мусульмане, індуісты – віталі Пантыфіка спевам і танцамі. У адказ на прыгожыя выступленні Францішак звярнуўся да прыблізна 15-тысячнай аўдыторыі са словамі прывітання, падзякі і заахвочвання.
“Вы – важныя! Вы павінны ведаць гэта, павінны верыць у гэта: вы – важныя! Таму што з’яўляецеся не толькі будучыняй Мазамбіка або Касцёла і чалавецтва; вы ўвасабляеце сённяшні дзень: з усім тым, чым з’яўляецеся і што чыніце, вы ўжо робіце ўнёсак у сучаснасць тым лепшым, што сёння можаце даць. (…) Вы – абяцанне жыцця, што нясе ў сабе цвёрдасць, якую вы не павінны згубіць ці дазволіць, каб вас яе пазбавілі”, - сцвердзіў Папа.
Адказваючы на пытанні моладзі адносна таго, як рэалізаваць у жыцці свае мары і як далучыцца да рашэння праблем, якія хвалююць родную краіну, Пантыфік сказаў, што, найперш, нельга дазволіць, каб у іх, у маладых людзей, “укралі радасць”. Папа перасцярог прысутную моладзь ад “маўклівай пакорлівасці і трывогі” – “двух падыходаў, якія забіваюць мары і надзею”, і запэўніў, што служыць на карысць радзіме і рабіць рэальнымі мары аб лепшай краіне можна толькі разам, застаючыся з’яднанымі, нягледзячы на існуючыя адрозненні.
Францішак правёў паралель з футболам – каманднай гульнёй, дзе кожны гулец чымсьці адметны, кожны выконвае сваю ролю, аднак разам яны ідуць да адной мэты, і ўзгадаў вядомага мазамбікскага футбаліста Эузэбіу да Сілва – чалавека, “які навучыўся не скарацца” і стаў выбітным спартсменам, нягледзячы на галечу, у якой вырас.
, - сказаў Папа.
Трэцяй неабходнай умовай, па словах Святога Айца, з’яўляецца памяць пра састарэлых людзей – пра “свае карані”. “Папярэднія пакаленні маюць шмат чаго сказаць і прапанаваць вам”, - заўважыў Францішак і перасцярог, што якраз аддаліць ад вопыту мінулых гадоў, ад гісторыі і ўласных каранёў імкнуцца разнастайныя ідэалогіі, якія разбураюць усё тое, што адрознае, каб мець магчымасць панаваць без знешняга супраціўлення.
Пантыфік падкрэсліў, што маладое пакаленне павінна весці наперад распачаты ў краіне мірны працэс. У гэтай справе вялікай моцай, па словах Францішка, валодаюць “працягнутая для дапамогі рука” і “сяброўства, праяўленае ў канкрэтных жэстах”.
, - заахвоціў моладзь Мазамбіка Святы Айцец.
Папа закрануў таксама пытанне аховы навакольнага асяроддзя і адзначыў, што гэтая місія можа стаць яшчэ адным добрым стымулам для таго, каб яднацца і разам адказваць на гэты тэрміновы выклік сучаснасці.
“Бог вас любіць”, - сказаў напрыканцы прамовы Францішак і працытаваў фрагмент з Апостальскай адгартацыі на тэму моладзі “Christus vivit”. “Я ведаю, што вы верыце ў гэтую любоў, якая робіць магчымым прымірэнне; і паколькі вы верыце ў гэтую любоў, я ўпэўнены, што вы маеце надзею і не перастанеце з радасцю ісці дарогамі міру”, - заключыў Святы Айцец.
Пасля сустрэчы з моладдзю Францішак накіраваўся ў Апостальскую нунцыятуру ў Мапуту, дзе паабедаў і правёў прыватную сустрэчу з дэлегацыяй жыхароў Шаі-Шаі – другога па велічыні горада Мазамбіка, моцна пацярпеўшага ад паводкі ў 2000 г., які, аднак, здолеў адбудавацца і сёння з’яўляецца буйным цэнтрам турызму.