pope-francis--mass-in-the-sunday-of-divine-me-1523179414310.jpg

Папа да місіянераў: жыць Евангеллем без разліку

Францішак сустрэўся з членамі місійных манаскіх супольнасцей, заснаваных у Італіі. Аўдыенцыя адбылася 30 верасня 2019 г., у вігілію Надзвычайнага місійнага месяца ў Каталіцкім Касцёле.

Святы Айцец заўважыў, што місіянеры павінны “жыць Евангеллем без разліку”, робячы ўчынкі, якія выходзяць за агульнапрынятыя рамкі, кіравацца выключна жаданнем служыць Езусу. У іх дзейнасці павінен прысутнічаць містычны элемент, “прага еднасці з Хрыстом праз сведчанне”.

Францішак заклікаў місіянераў падтрымліваць у Божым народзе пакліканне “выходзіць насустрач людзям, несці ўсім народам благаслаўленне Езуса Хрыста”, нагадваць яму, што місійная дзейнасць – гэта справа, якая рэалізуецца не ў адзіночку, а разам.

Папа нагадаў, што місіянеры патрабуюць “радасці Евангелля”. “Без яе немагчыма займацца місіянерствам, без яе мы будзем абвяшчаць Евангелле, якое не стане прыцягальным”. “Няхай гэта радасць, гэта прыгажосць Евангелля, заўсёды будзе ў вашых сэрцах, вашых жэстах, вашых словах, вашых адносінах”, - пажадаў кансэкраваным асобам Пантыфік.

Навіна ў фармаце аўдыё
30 верасня 2019, 14:31