Святы Айцец: Евангелле – наймацнейшая закваска братэрства і міру
У сваёй катэхезе Святы Айцец зрабіў падсумаванне Апостальскага падарожжа на афрыканскі кантынент, якое здзяйсняў “як пілігрым міру і надзеі”.
“Надзея свету – гэта Хрыстус, і Яго Евангелле – наймацнейшая закваска братэрства, свабоды, справядлівасці і міру для ўсіх народаў. Сваім візітам па слядах святых евангелізатараў я жадаў несці гэтую закваску, закваску Езуса, насельніцтвам Мазамбіка, Мадагаскара і Маўрыкія”, - заўважыў Францішак.
Ён расказаў, што ў Мазамбіку, які зведаў вялікія пакуты і выпрабаванні з-за шматгадовага ўзброенага канфлікту і двух мінулагодніх разбуральных цыклонаў, заахвочваў улады да ўзгодненай працы на карысць усеагульнага дабра, мясцовую моладзь – да будаўніцтва краіны на аснове сацыяльнага сяброўства і павагі традыцый старэйшых, а духавенства – да “шляху Назарэта, шляху шчодрага “Так”, сказанага Богу, з удзячнай памяццю пра сваё пакліканне і пра ўласныя карані”.
Папа прызнаўся, што моцны знак евангельскай прысутнасці ўбачыў у шпіталі “Зімпэту” на ўскраіне Мапуту, сталіцы Мазамбіка. Структура, узведзеная з дапамогай супольнасці св. Эгідзія, клапоціцца пра хворых з бедных сем’яў.
На Мадагаскары Францішак у рамках сваёй насычанай праграмы наведаў, у тым ліку, “Горад сяброўства” – Акамасоа, вёску на ўскраіне Антананарыву, якая ўзнікла на месцы былога гарадскога сметніка, дзе жылі самыя бедныя і адчужаныя. Дзякуючы намаганням аргентынскага місіянера а. Пэдра Апэка, цяпер тут узводзяцца жылыя дамы, працуе гранітны кар’ер і шэраг майстэрняў, дзе людзі могуць годна працаваць, каб утрымліваць свае сем’і.
“Там імкнуцца з’яднаць працу, чалавечую годнасць, клопат пра самых бедных, выхаванне дзяцей. І ўсё атрымлівае натхненне з Евангелля. У Акамасоа, побач з гранітным кар’ерам, я ўзнёс малітву да Бога за ўсіх працаўнікоў”, - расказаў Пантыфік.
Нарэшце, Маўрыкій, па словах Папы, быў выбраны для наведвання “як месца інтэграцыі розных этнасаў і культур”. “Там вельмі моцныя міжрэлігійны дыялог і сяброўства паміж лідарамі розных рэлігійных канфесій. Рэчаіснасць, якая нам магла б здавацца дзіўнай, але яны пражываць гэтае сяброўства як штосьці натуральнае”, - заўважыў Францішак.
У тамтэйшым кантэксце, падкрэсліў Папа, “сродкам супраць спакусы эгаістычнага і дыскрымінацыйнага дабрабыту і закваскай сапраўднага шчасця, насычанага міласэрнасцю, справядлівасцю і спакоем”, павінны служыць евангельскія Благаслаўленні.
“Падчас сустрэчы з уладамі Маўрыкія я высока ацаніў іх намаганні па гарманізацыі разнастайнасцей у адзіным праекце і заахвоціў працягваць развіваць гасціннасць і рабіць высілкі, каб падтрымліваць і развіваць дэмакратычнае жыццё”, - сказаў Францішак.
Ён выказаў спадзяванне, што “зерне, пасеянае падчас гэтага Апостальскага падарожжа, прынясе багаты плён народам Мазамбіка, Мадагаскара і Маўрыкія”.