Святы Айцец: хворыя патрабуюць любові і сардэчнасці
20 верасня 2019 г. Францішак прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане амерыканскіх урачоў, якія лечаць бедных на вуліцах Нью-Ёрка ў рамках дабрачыннага праекту “Somos Community Care”.
Пантыфік выказаў падтрымку ініцыятыве, адзначыўшы, што сучаснаму грамадству ўласціва імкненне да індывідуалізму, утылітарызму і глабалізацыі абыякавасці. Салідарнасць з хворымі – гэта сапраўдны скарб і адметная рыса сапраўднай медыцынскай дапамогі, у цэнтры якой знаходзіцца чалавек і яго патрэбы, - зазначыў ён.
“Сёння медыцынская дапамога прызнаецца паўсюдным правам чалавека і фундаментальным вымярэннем яго цэласнага развіцця. Аднак, у глабальным маштабе яна пакуль застаецца правам, гарантаваным нямногім, якога многія пазбаўлены. Варта таксама заўважыць, што часта там, дзе клопат аб пацыенце гарантаваны, пераважае тэхнічны падыход, які дамінуе нават над чалавекам, скажаючы такім чынам самае глыбокае значэнне дапамогі”, - падкрэсліў Папа.
Францішак пажадаў, каб клопат аб хворых заўсёды ажыццяўляўся з любоўю і сардэчнасцю.