Святы Пасад увёў камісарскае кіраванне для “Герольдаў Евангелля”
Увядзенне камісарскага кіравання каталіцкім рухам было прынята па выніках двухгадовай праверкі яго дзейнасці. Апостальская візітацыя распачалася ў чэрвені 2017 г. Яна выявіла парушэнні ў сферы кіравання, выбары і падрыхтоўцы новых членаў, распараджэнні фінансамі.
Візітацыю праводзіла Кангрэгацыя па справах Інстытутаў кансэкраванага жыцця і Таварыстваў апостальскага жыцця. Рашэнне Святога Пасаду – гэта не “пакаранне, а дапамога ў вырашэнні складаных праблем”, падкрэсліваецца ў спецыяльным паведамленні дыкастэрыі.
Рух “Герольды Евангелля” быў афіцыйна прызнаны Святым Пасадам у 2009 г. Яго члены жывуць у цэлібаце ў мужчынскіх і жаночых супольнасцях. Іх галоўнае заданне – евангелізацыя. Заснавальнікам руху, прысутнага ў 78 краінах свету, з’яўляецца 80-гадовы бразільскі святар, кс. Жоао Сконьямілья Кла Дыяс.