Пантыфік: кампетэнтнасць і спагада ў служэнні тым, хто пакутуе
Францішак заклікаў паслядоўнікаў італьянскага святара натхняцца яго далікатнасцю і чуласцю, аб’ядноўвацца для сацыяльнага і медыцынскага служэння, евангелізацыйнай дзейнасці, мужна змагацца з прычынамі пакут, з любоўю клапаціцца пра тых, каму цяжка ў жыцці.
Кампетэнтнасць і спагада – гэта якасці, якія павінен сумяшчаць той, хто клапоціцца пра хворых. Кампетэнтнасць – патлумачыў Папа, – гэта плён падрыхтоўкі, вопыту і развіцця. І ўсё гэта падтрымліваецца моцнай матывацыяй да служэння бліжняму, які пакутуе, што бярэ свой пачатак у міласэрнасці Хрыста. На думку Пантыфіка, кампетэнтнасць выяўляецца і тады, калі чалавек ідзе супраць дамінуючай культуры, якая лічыць “слабое жыццё” бескарысным ці нават нявартым існавання.
Пакуты братоў патрабуюць таксама спагады, заўважыў Францішак. І прыклад тут – Езус, Які дзеля чалавека стаў чалавекам, каб падзяліць з ім пакуты. “Грамадства, не здольнае вітаць, абараняць і даваць надзею тым, хто пакутуе, – гэта грамадства, што страціла жаль і пачуццё чалавечнасці”, - заўважыў ён.
Пантыфік лічыць шырокую сетку цэнтраў і паслуг, якія Фонд імя Дона Карла Ньёкі стварыў у Італіі і іншых краінах, сапраўды добрай мадэллю, паколькі ў ёй аб’яднаны дапамога, прыняцце і евангельская міласэрнасць. “Вашы структуры – гэта дамы надзеі, мэтай якіх з’яўляецца абарона, падтрымка і сапраўдная карысць хворых, інвалідаў, пажылых людзей”, - адзначыў ён.
Папа падзякаваў сваім гасцям за служэнне і заклікаў іх працягваць абвяшчаць Хрыста і Яго Евангелле праз учынкі любові.