Папа ўзначаліў набажэнства ва ўспамін св. Францішка Асізскага
Урачыстая цырымонія з удзелам прадстаўнікоў шэрагу карэнных народаў і касцёльных іерархаў адбылася 4 кастрычніка 2019 г. Ініцыятарамі святкавання выступілі манаскі Ордэн Меншых Братоў Капуцынаў, Панамазонская касцёльная сетка (Repam) і Сусветны каталіцкі рух за клімат (Gccm).
У якасці бачнага знаку інтэгральнага падыходу да экалогіі Францішак высадзіў на тэрыторыі Ватыканскіх садоў дрэва – асізскі дуб. Акрамя таго, падчас святкавання праз заступніцтва св. Францішка Асізскага была прачытана малітва пасвячэння Сінода Біскупаў па Панамазонскім рэгіёне, каб форум, які распачнецца 6 кастрычніка 2019 г., стаў плённым крокам у кірунку распазнання новых шляхоў для Касцёла і інтэгральнай экалогіі ў такім жыццёва важным рэгіёне, як Амазонія.
Сёлетняе святкаванне ўспаміну св. Францішка Асізскага супадае з трыма сімвалічнымі датамі. Па-першае, яно адбываецца ўсяго за два дні да пачатку Спецыяльнай Асамблеі Сінода Біскупаў па Панамазонскім рэгіёне. Па-другое, літургічны ўспамін завяршае адмысловую сусветную экуменічную малітву “Час усяго стварэння”, якая па ініцыятыве Святога Айца трывае ў Касцёле з 1 верасня па 4 кастрычніка. Па-трэцяе, ён адзначаецца ў 40-ю гадавіну абвяшчэння св. Францішка Асізскага апекуном абаронцаў навакольнага асяроддзя.