Папа: выйсці з заспакаяльнай упэўненасці, каб верыць
Святымі былі абвешчаны: англійскі канвертыт з англіканства, кардынал Джон Генры Ньюмэн і чатыры жанчыны: бразільянка, сястра Дульчэ (Марыя Рыта до Суса Брыта Лопэс Понтэс); сястра Марыям Тэрэзія Манкідзіян Чырамэль з Індыі; італьянка, сястра Джозэфіна Ваніні; свецкая верніца з Швейцарыі Маргэрытэ Байс. Усе яны жылі ў XIX-XX стагоддзях.
Каментуючы ўрывак з Евангелля аб аздараўленні Езусам дзесяці пракажоных, Папа звярнуў увагу на тое, што “нам усім патрэбна вылячэнне”. “Нам патрэбна вылячэнне ад недаверу да сябе, жыцця і будучыні; ад шматлікіх страхаў; ад заган, рабамі якіх з’яўляемся; ад многіх форм абмежаванасці, залежнасці і прывязанасці: ад гульняў, грошай, тэлебачання, мабільных тэлефонаў, меркавання іншых. Пан вызваляе і вылечвае сэрца, калі мы Яго клічам, калі мы кажам Яму: “Пане, я веру, ты можаш вылечыць мяне; ацалі мяне ад маёй закрытасці; Езу, вызвалі мяне ад зла і страху”, - запэўніў Францішак. Ён заклікаў кожны дзень звяртацца да Езуса па імені, бо “клікаць некага па імені – гэта знак даверу”. Такая малітва – гэта “брама веры” і “лек для сэрца”.
Ён адзначыў, што паломніцтва нашага жыцця “часта вядзе ў гару, таму што скіравана да вышэйшага”. “Вера патрабуе пілігрымкі, выхаду на вуліцу; яна робіць цуды, калі мы выходзім з заспакаяльнай упэўненасці, калі пакідаем свае заспакаяльныя парты, наша зручнае гняздзечка. Вера расце з дарам і развіваецца праз рызыку. Вера рухаецца наперад, калі ідзём прама наперад з упэўненасцю ў Богу”, - растлумачыў Святы Айцец.
Ён заявіў, што “наша задача – клопат пра тых, хто перастаў ісці або згубіў дарогу: мы апекуны братоў, якія адсутнічаюць”. “Мы заступаемся за іх, мы за іх адказваем, мы пакліканы адказваць за іх, прымаць іх блізка да сэрца. Хочаш расці ў веры? Клапаціся пра адсутнага брата, адсутную сястру”, - заклікаў вернікаў Папа.
Францішак нагадаў пра неабходнасць падзякі, бо толькі таму пракажонаму, які вярнуўся, каб падзякаваць, Езус кажа: “Вера твая збавіла цябе”. “Ён не толькі здаровы, але і збаўлены. Гэта кажа нам аб тым, што прызначэнне – не здароўе, не дабрабыт, але сустрэча з Езусам. Збаўленне заключаецца не ў тым, каб выпіць шклянку вады і заставацца ў форме, але каб ісці да крыніцы, якой з’яўляецца Езус. Ён адзін вызваляе нас ад зла і вылечвае сэрца, толькі сустрэча з Ім збаўляе, робіць жыццё паўнавартасным і прыгожым. Калі сустракаемся з Езусам, падзяка ўзнікае спантанна, таму што мы выяўляем самае галоўнае ў жыцці: не атрыманне ласкі ці вырашэнне праблемы, але прыняцце Пана жыцця”, - сказаў Францішак.
Святы Айцец падкрэсліў, што “кульмінацыяй шляху веры з’яўляецца жыццё ў падзяцы”. “Сёння мы дзякуем Пану за новых святых, якія ішлі ў паломніцтве і якіх мы называем сёння нашымі абаронцамі. Тры з іх – гэта законніцы, якія дэманструюць нам, што манаскае жыццё – гэта шлях любові на экзістэнцыяльныя перыферыі свету. У сваю чаргу, св. Маргэрытэ Байс была швачкай і паказала нам, наколькі магутнай з’яўляецца простая малітва, настойлівая цярплівасць і маўклівая самаадданасць: дзякуючы гэтаму Пан ажывіў у ёй святло Пасхі. Гэта святасць паўсядзённага жыцця, пра якую св. кардынал Ньюмэн сказаў: “У хрысціяніна ёсць глыбокі, маўклівы, схаваны спакой, якога свет не бачыць. (...) Хрысціянін – вясёлы, просты, добразычлівы, лагодны, выхаваны, сумленны, сціплы, непераборлівы. (...) У яго стаўленні настолькі мала незвычайнага ці эфектыўнага, што з першага погляду яго лёгка прыняць за звычайнага чалавека”. Давайце будзем такімі “лагоднымі агеньчыкамі” пасярод цемры свету, - заклікаў Святы Айцец.