1573636456305.jpg

Францішак: не бойцеся ператвараць свае дамы ў хатні касцёл

З самага пачатку хрысціянства абвяшчалася свецкімі вернікамі: праз хрост кожны становіцца адказным за абвяшчэнне веры, - нагадаў Папа прысутным 13 лістапада 2019 г. на агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане.

Працягваючы цыкл катэхез, прысвечаных кнізе Дзеяў Апосталаў, Францішак засяродзіўся на чарговым этапе місійнага падарожжа Апостала Паўла, калі ён “пакінуў Атэны і прыбыў у Карынт” (Дз 18).

У Карынце Апостала гасцінна прыняла сужэнская пара – Аквіла і Прысцыла, якія ў свой час былі вымушаны пакінуць Рым па прычыне ганенняў на юдэяў. У сувязі з гэтым Францішак зрабіў адступленне і заўважыў, што на працягу гісторыі юдэйскаму народу давялося шмат пакутаваць: яго выганялі, пераследавалі...

“Габрэйскі народ шмат пацярпеў у гісторыі. Яго выганялі, пераследавалі. У мінулым стагоддзі мы былі сведкамі шматлікіх зверстваў, якія ён зведаў. Мы былі перакананыя, што гэты перыяд скончыўся. Аднак сёння тут і там пачынае адраджацца з’ява пераследу габрэяў. Браты і сёстры, гэта бесчалавечна і не па-хрысціянску. Габрэі – нашыя браты! І іх нельга пераследаваць”, - сказаў Папа.

Вярнуўшыся да гісторыі Аквілы і Прысцылы і каментуючы іх учынак, Святы Айцец заўважыў, што, прыняўшы Апостала Паўла, яны прынялі “не толькі евангелізатара, але і вестку, якую ён прынёс з сабою: Евангелле Хрыста – моц Божую для збаўлення кожнага, хто верыць (пар. Рым 1, 16)”.

Рэпартаж з плошчы св. Пятра

“Дом Аквілы і Прысцылы ў Карынце адкрывае дзверы не толькі Апосталу, але таксама братам і сёстрам у Хрысце. Сапраўды, Павел можа казаць пра супольнасць, што збіраецца ў іх доме (пар. 1 Кар 16, 19), які становіцца “домам Касцёла”, domus ecclesiae, месцам слухання Божага Слова і служэння Эўхарыстыі”, - сказаў Папа

Францішак дадаў, што і сёння ў месцах пераследу хрысціян асобныя дамы і сем’і ператвараюцца ў храмы, дзе патаемна моляцца і ўшаноўваюць Езуса ў Эўхарыстыі.

Праз паўтара гады Павел, а разам з ім Аквіла і Прысцыла, накіраваліся ў сірыйскі горад Эфес. Там іх дом таксама стаў месцам для катэхез (пар. Дз 18, 26).

“Сярод шматлікіх супрацоўнікаў Паўла Аквіла і Прысцыла выступаюць як узор сужэнскага жыцця, адказна залучанага ў служэнне на карысць усёй хрысціянскай супольнасці, і нагадваюць нам, што менавіта дзякуючы веры і руплівасці ў справе евангелізацыі многіх свецкіх людзей, якімі былі і яны самі, хрысціянства дасягнула нас. Сапраўды, каб укараніцца ў зямлі народу, каб па-сапраўднаму развівацца, былі патрэбныя намаганні гэтых сем’яў. Толькі падумайце: з самага пачатку хрысціянства абвяшчалася свецкімі людзьмі! Вы, свецкія вернікі, праз ваш хрост сталі адказнымі за распаўсюджванне веры”, - падкрэсліў Францішак.

На завяршэнне чарговай катэхезы Пантыфік заклікаў вернікаў прасіць Бога, “каб спаслаў свайго Духа на ўсе хрысціянскія сужэнскія пары, каб, на ўзор Аквілы і Прысцылы, яны ўмелі адчыняць дзверы сваіх сэрцаў Хрысту і братам і ператвараць свае дамы ў хатні касцёл”.

Навіна ў фармаце аўдыё
13 лістапада 2019, 13:58