1572709308231.JPG

Францішак у катакомбах пра тоеснасць і надзею хрысціяніна

Надзея хрысціян замацавана на нябёсах, а іх тоеснасць – гэта евангельскія благаслаўленні, - нагадаў Святы Айцец падчас цэлебрацыі Эўхарыстыі 2 лістапада 2019 г., ва Успамін усіх памерлых вернікаў.

У гаміліі, якая прагучала ў рымскіх Катакомбах Прысцылы, Францішак разважаў над 25 раздзелам Евангелля св. Мацвея. Ён сканцэнтраваўся на трох словах: тоеснасць, месца, надзея.

Папа адзначыў, што тоеснасць тых хрысціян, хто збіраўся ў першыя вякі ў катакомбах, і тых, каго пераследуюць сёння у краінах, дзе вызнаванне веры трактуецца як злачынства, – супадае.

Пантыфік запрасіў задумацца над месцам хрысціяніна ў свеце, таксама і ў тых краінах, дзе Касцёл пераследуюць. “Месца хрысціяніна – усюды. У нас няма прывілеяванага месца ў жыцці. Некаторыя хацелі б яго мець. Гэта кваліфікаваныя хрысціяне, але ім пагражае страта хрысціянства. (...) Месца хрысціяніна – у руках Бога. (...) Месца хрысціяніна – у заступніцтве Езуса перад Айцом. Мы ў бяспецы ў руках Бога. (...) Таксама наша тоеснасць кажа нам, што мы будзем благаслаўлёныя, калі нас будуць пераследаваць”, - сказаў Папа.

Рэпартаж з Катакомбаў Прысцылы

Святы Айцец звярнуў увагу на тое, што хрысціяне, якія жывуць у руках Бога, – гэта людзі надзеі. Наша надзея знаходзіцца на нябёсах, яна замацавана там, і мы з вяроўкай у руках спрабуем перабрацца на другі бераг, - сказаў Францішак напрыканцы свайго разважання.

Вярнуўшыся ў Ватыкан, Францішак маліўся ў сутарэннях базылікі св. Пятра, дзе пахаваны яго папярэднікі.

Катакомбы Прысцылы размешчаны ва ўсходняй частцы Рыма, на Вія-Саларыя. Яны выкарыстоўваліся як падземныя могілкі з ІІ па V ст. Працягласць іх калідораў складае каля 13 км. Там знаходзяцца самая старажытная выява Маці Божай з Дзіцяткам і вядомы вобраз Добрага Пастыра.

Навіна ў фармаце аўдыё
03 лістапада 2019, 12:51