Францішак павіншаваў кубінскі народ з 500-годдзем Гаваны

Францішак адрасаваў віншавальнае відэапасланне жыхарам Гаваны з нагоды 500-годдзя з дня заснавання горада, сучаснай сталіцы Кубы.

У сваім звароце ён зрабіў акцэнт на веры, надзеі і любові – трох аспектах, якія, на думку Папы, прысутнічалі з часоў заснавання горада і працягваюць служыць асновай сучаснасці.

“Вера закладзена ў каранях горада. А карані падтрымліваюць жыццё, якое развіваецца, карані жывяць, карані дапамагаюць расці. Не забывайце гэтыя карані – сведчанне веры вашых продкаў”, - пажадаў Францішак жыхарам Гаваны.

Яшчэ адной адметнасцю кубінскага народа, па словах Святога Айца, з’яўляецца любоў. Ёй ён навучыўся ад Марыі, Маці Езуса. “Міласэрнасць Марыі вучыць нас дарыць любоў, дарыць з пяшчотай, з самаадданасцю, дарыць любоў у паўсядзённым жыцці. (..) Менавіта так фарміруецца адзінства кубанскага народа”, - заўважыў Папа і пажадаў, каб Марыя і надалей вучыла “жыць любоўю, якая б не абмяжоўвалася толькі аддаваннем нечага іншым, але праяўлялася б, галоўным чынам, у ахвяраванні саміх сябе”, у “сацыяльным сяброўстве”.

Нарэшце, Францішак пажадаў, каб святкаванне юбілею горада стала нагодай для таго, каб аднавіць надзею. “Як святы Хрыстафор браў і нёс на плячах сваіх братоў, так няхай будзе і сярод вас. Прашу вас падтрымліваць адзін аднаго, дапамагаць, падбадзёрваць, ісці наперад і не знеахвочвацца, з позіркам, заўсёды скіраваным да канчатковай мэты”, - заклікаў Папа.

Францішак пажадаў кубінцам, каб вера, надзея і любоў, якія іх падтрымліваюць, “маглі абнавіцца і ўзрасці ў гэты час юбілейнай ласкі”, і ўдзяліў жыхарам краіны сваё Апостальскае благаслаўленне.
 

Навіна ў фармаце аўдыё
15 лістапада 2019, 13:00