Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Францішак: бараніць годнасць дзяцей у лічбавай прасторы

Папа прыняў на аўдыенцыі ўдзельнікаў форума пад назвай: “Садзейнічанне годнасці дзіцяці ў лічбавай прасторы – ад канцэпцыі да дзеяння”, які праходзіць у Ватыкане.

Святы Айцец звярнуў увагу на ўсё большае і большае распаўсюджванне ў інтэрнэце матэрыялаў парнаграфічнага характару, якія, паводле большай часткі навукоўцаў, нясуць цяжкія наступствы для псіхікі і паводзінаў дзяцей. “Гэта наступствы, якія застануцца на ўсё жыццё і будуць суправаджацца феноменамі цяжкай залежнасці, схільнасці да гвалтоўных паводзінаў, парушаных эмацыйных і сексуальных адносін”, - падкрэсліў ён 14 лістапада 2019 г.

Папа заўважыў, што сучасныя тэхналогіі, накіраваныя на абарону прыватнага жыцця людзей, што з’яўляецца “каштоўным дарам”, робяць амаль немагчымым кантроль за распаўсюджваннем матэрыялаў, якія ўяўляюць пагрозу для грамадства і дзяцей. У сувязі з гэтым ён пажадаў, каб дзяржаўныя ўлады мелі юрыдычную і тэхнічную магчымасць для барацьбы з такой злачыннай дзейнасцю, а кампаніі, якія працуюць у лічбавай сферы, адчувалі адказнасць за тое, “якім чынам выкарыстоўваюцца прылады, перададзеныя імі кліентам”. Францішак падкрэсліў, што без рэалізацыі гэтых умоў будзе “немагчымым гарантаваць бяспеку дзяцей у лічбавай прасторы”.

Пантыфік высока ацаніў заканадаўчыя ініцыятывы, накіраваныя на пашырэнне адказнасці за бяспеку ў лічбавай прасторы з боку распрацоўшчыкаў і пастаўшчыкоў тэхнічных сродкаў і паслуг у інтэрнэце. Святы Айцец пажадаў, каб кампаніі, якія даюць доступ да інтэрнэту праз мабільныя прылады, мелі абавязак правяраць узрост сваіх кліентаў, абараняючы такім чынам непаўналетніх ад доступу да парнаграфічных рэсурсаў.

Папа заклікаў таксама, каб на службу выяўленню і выдаленню незаконных матэрыялаў у інтэрнэце быў пастаўлены штучны інтэлект. “Бяспечнае і здаровае развіццё моладзі – гэта высакародная мэта, дзеля якой варта працаваць, нашмат больш каштоўная ў параўнанні з чыстым эканамічным прыбыткам, атрыманым, у тым ліку, з рызыкай прычынення шкоды моладзі”, - заўважыў ён.

Францішак падкрэсліў, што “крэатыўнасць і розум чалавека – гэта цудоўныя рэчы, але яны павінны быць скіраваны на цэласнае дабро чалавека на працягу ўсяго яго жыцця, пачынаючы ад маленства”. Ён заклікаў успрымаць дзяцей як Божы шэдэўр і рабіць усё магчымае, каб яны мелі годнае жыццё.

Навіна ў фармаце аўдыё
14 лістапада 2019, 13:46