1574846366051.jpg

Пантыфік: даручым Божаму Провіду мой візіт у Тайланд і Японію

Візіт у Тайланд і Японію ўмацаваў блізкасць і любоў Папы да гэтых краін. Агульную аўдыенцыю, якая прайшла 27 лістапада 2019 г. у Ватыкане, Францішак прысвяціў свайму падарожжу ў Азію.

Пантыфік заўважыў, што Тайланд, гэта старажытнае каралеўства, сёння вельмі моцна мадэрнізаванае. Ён распавёў пра свае сустрэчы з прадстаўнікамі дзяржаўных улад краіны і пра магчымасць скласці даніну пашаны “багатай духоўнай і культурнай традыцыі народа “прыгожай усмешкі”.

“Я ўхваліў намаганні, накіраваныя на падтрымку гармоніі паміж рознымі часткамі народа, а таксама на тое, каб эканамічнае развіццё магло быць карысным для ўсіх, каб былі залечаны раны, нанесеныя эксплуатацыяй, асабліва жанчын і дзяцей”, - падзяліўся Святы Айцец.

“[Будызм – неад’емная частка гісторыі і жыцця гэтага народа, таму я наведаў Вярхоўнага Патрыярха будыстаў, ідучы шляхам узаемнай павагі, які распачалі мае папярэднікі, на карысць пашырэння спагады і братэрства ў свеце. У гэтым кантэксце вельмі важнай стала экуменічная і міжрэлігійная сустрэча, як прайшла ў самым вялікім універсітэце краіны]”

, - дадаў ён.

Францішак высока ацаніў сведчанне Каталіцкага Касцёла ў Тайландзе, асабліва праз служэнне хворым і бедным. Ён прыгадаў свой візіт у Шпіталь св. Людовіка, сустрэчу з духавенствам і кансэкраванымі асобамі, біскупамі і мясцовымі езуітамі. Папа распавёў, што ў Бангкоку цэлебраваў дзве св. Імшы – з усім Божым народам і з моладдзю. Гэта дазволіла пераканацца, “што ў новай сям’і, заснаванай Езусам Хрыстом, ёсць таксама абліччы і галасы тайскага народа”, - заўважыў Пантыфік.

Гаворачы пра сваё падарожжа ў Японію, Святы Айцец заўважыў, што па прыбыцці ў Токіо адразу сустрэўся з мясцовымі біскупамі. З імі ён меў магчымасць абмеркаваць выклікі, што стаяць перад пастырамі “невялікага Касцёла, які з’яўляецца носьбітам жывой вады, Евангелля Езуса”.

“[“Абараніць кожнае жыццё” – гэта быў дэвіз майго візіту ў Японію, краіну, якая нясе на сабе раны атамных бамбардзіровак і з’яўляецца для ўсяго свету носьбітам фундаментальнага права на жыццё і мір]”

, - сказаў Папа.

“У Нагасакі і Хірасіме я спыніўся на малітву, сустрэўся з тымі, хто выжыў, і сваякамі ахвяр, зноў рашуча асудзіў атамную зброю і крывадушнасць тых, хто кажа пра мір, ствараючы і прадаючы яе. Пасля гэтай трагедыі Японія прадэманстравала надзвычайную здольнасць змагання за жыццё; і яна засведчыла гэта таксама нядаўна, пасля “трайной катастрофы” 2011 г.: землятрусу, цунамі і аварыі на атамнай станцыі”, - дадаў ён.

Паводле Святога Айца, каб бараніць жыццё, яго трэба любіць. Францішак заўважыў, што ў найбольш развітых краінах існуе пагроза страты сэнсу жыцця.

“Першыя ахвяры адсутнасці сэнсу жыцця – гэта людзі маладога ўзросту, таму адна з сустрэч у Токіо была прысвечана ім. Я пачуў іх пытанні і мары, заахвоціў іх разам супрацьстаяць усім формам булізму, перамагаць страх і закрытасць, адкрываючыся на Божую любоў, у малітве і служэнні бліжняму. Іншую групу моладзі я сустрэў у Sophia University, разам з акадэмічнай супольнасцю. Гэты ўніверсітэт, як і ўсе каталіцкія навучальныя ўстановы, высока цэніцца ў Японіі”, - дадаў Пантыфік.

Папа распавёў пра сваю сустрэчу з імператарам Нарухіта, прадстаўнікамі ўлад і дыпламатычнага корпуса, якіх заклікаў “да культуры сустрэчы і дыялогу, пазначанай мудрасцю і шырынёй далягляду”.

“[Застаючыся вернай сваім рэлігійным і маральным каштоўнасцям, адкрытай на евангельскае пасланне, Японія можа быць вядучай краінай на карысць больш справядлівага і мірнага свету і гармоніі паміж чалавекам і навакольным асяроддзем]”

, - перакананы Францішак.

Святы Айцец завяршыў катэхезу заклікам, даручыць яго Апостальскае падарожжа ў Тайланд і Японію дабрыні Бога і Яго Провіду.

Навіна ў фармаце аўдыё
27 лістапада 2019, 11:45