1574502914482.jpg

Папа да біскупаў Японіі: абараняць жыццё і абвяшчаць Евангелле

Увечары 23 лістапада 2019 г., усяго праз гадзіну пасля прылёту Папы ў Токіа, распачалася афіцыйная праграма другога этапу яго падарожжа. Першым пунктам стала сустрэча з біскупамі.

Звяртаючыся да прысутных у Апостальскай нунцыятуры, Папа заўважыў, што, хоць гісторыя хрысціянства на японскіх землях налічвае ўсяго 470 гадоў, беручы пачатак з місійнай дзейнасці св. Францішка Ксаверыя, тым не менш, дзякуючы руплівасці першых вернікаў і іх паслядоўнікаў, сведчанню веры шматлікіх хрысціянскіх мучанікаў, сёння Касцёл у Японіі набыў вельмі адметнае аблічча.

Святы Айцец адзначыў, што місіянерства на землях Японіі характарызуецца моцным імкненнем “да інкультурацыі і дыялогу”, што дазволіла ўтварыцца новым формам, незалежным ад тых, якія развіліся ў Еўропе. Шырокае выкарыстанне місіянерамі мясцовых твораў, тэатру, музыкі, інструментаў сведчыць, па словах Папы, пра іх вялікую любоў да гэтай зямлі.

“Абараняць кожнае жыццё – значыць, найперш, мець кантэмпляцыйны позірк, здольны любіць жыццё ўсяго народу, вам даручанага, каб убачыць у ім, перш за ўсё, Божы дар. Бо толькі тое, што любіш, можна збавіць. Толькі тое, што абдымаеш, можна перамяніць”, - сказаў Францішак.

Абараняць жыццё і абвяшчаць Евангелле – рэчы, якія дапаўняюць і патрабуюць адна адной, выказаў перакананне Папа, бо абедзве азначаюць “быць уважлівымі і ўспрыімлівымі да ўсяго таго, што сёння можа перашкодзіць усебаковаму развіццю чалавека на гэтых землях, даручаных святлу Езусавага Евангелля”.

Пантыфік дадаў, што, нягледзячы на нешматлікасць каталіцкай супольнасці ў Японіі, не павінна слабець руплівасць мясцовых душпастыраў у справе евангелізацыі – праз пакорнае штодзённае сведчанне, дыялог з іншымі рэлігійнымі традыцыямі, гасціннасць і клопат пра чужаземцаў, якія складаюць больш за палову ўсіх католікаў краіны. Толькі так можна прадэманстраваць свету, што “нашае адзінства з Хрыстом мацнейшае за любую іншую сувязь або ідэнтычнасць і здольнае дасягнуць любога кантэксту”, - сказаў Святы Айцец.

Папа заклікаў японскіх біскупаў надаваць асаблівую ўвагу патрэбам сучаснай моладзі, якая жыве ў рэчаіснасці, часта пазначанай пачуццём самоты, роспачы, ізаляцыі, у свеце, у якім павялічваецца колькасць суіцыдаў і выпадкаў булізму: усё гэта вядзе да духоўнай дэзарыентацыі.

Напрыканцы сустрэчы Францішак падкрэсліў актуальнасць евангельскіх слоў: “Жніво сапраўды вялікае, ды работнікаў мала”, і заклікаў душпастыраў Японіі развіваць місію, “здольную залучаць сем’і і спрыяць фармацыі, якая ў стане дасягаць людзей там, дзе яны знаходзяцца, заўсёды ўлічваючы актуальную рэчаіснасць”.

Навіна ў фармаце аўдыё
23 лістапада 2019, 13:34