1573731856542.JPG

Святы Айцец: мудрасць хрысціян – гэта Езус

Вучыць жыць у братэрстве і еднасці з усім стварэннем, - заклікаў Папа падчас аўдыенцыі для прадстаўнікоў Універсітэцкага інстытута “Сафія”, навучальнай установы Руху Факаляраў.

Сустрэча адбылася 14 лістапада 2019 г. у Ватыкане. Спасылаючыся на назву структуры, якая перакладаецца з грэчаскай мовы як “мудрасць”, Пантыфік нагадаў, што для хрысціян мудрасць – гэта “Хрыстус, укрыжаваны і ўваскрослы”.

Хрыстовае святло асвятляе ўсіх людзей, усе рэлігіі, культуры, сапраўдныя праявы чалавечнасці. Таму, мы пакліканы крочыць разам з усімі, каб будаваць сапраўдную і гарманічную культуру сустрэчы. “Крочыць з усімі”, а “не супраць усіх”, як робяць некаторыя, - дадаў ён.

Папа адзначыў важнасць адукацыйнага саюзу паміж пакаленнямі, народамі і культурамі, а ў навучальных установах – паміж выкладчыкамі, навучэнцамі і бацькамі. Братэрства і еднасць робяць цудоўным усё стварэнне, таму вельмі важна вучыць жыць імі, каб адкрыць дарогу для будучыні новай цывілізацыі,- лічыць Святы Айцец.

Францішак заўважыў, што, калі не выходзіць насустрач іншым людзям, немагчыма сустрэць Мудрасць, аблічча Бога ў абліччы кожнага брата і сястры.

Навіна ў фармаце аўдыё
14 лістапада 2019, 14:00