Паштовыя маркі да 50-годдзя святарства Францішка
На першай марцы коштам 1,10 еўра намаляваны малады Хорхэ Берголіа ў чорнай сутане на фоне свайго парафіяльнага касцёла св. Юзафа ў Буэнас-Айрэсе і выява Маці Божай, што развязвае вузлы, якую ён убачыў у Германіі і распаўсюдзіў у сталіцы Аргентыны.
Другая марка, коштам 1,15 еўра, адлюстроўвае Францішка ў белай сутане на фоне базылікі св. Пятра ў Ватыкане і вобраз Езуса Міласэрнага, які нагадвае словы Папы аб тым, што “святар, як і Добры Пастыр, гэта чалавек міласэрнасці і спагады, блізкі да свайго народа і слуга ўсіх. Святар – гэта той, хто лечыць раны”.
Аўтарам выяў, выкарыстаных на марках, з’яўляецца мастак Рауль Берсоза з іспанскай Малагі.
Езуіт, Хорхэ Марыа Берголіа прыняў святарскае пасвячэнне 13 снежня 1969 г. з рук арцыбіскупа-мітрапаліта Кардобы Рамона Хасэ Кастэлана.