1574416754828.JPG

Святы Айцец сустрэўся з рэлігійнымі лідарамі Тайланда

“Прыйшоў час смела ўявіць сабе логіку сустрэчы і ўзаемнага дыялогу ў якасці шляху, узаемнае супрацоўніцтва ў якасці спосабу паводзін і ўзаемнае пазнанне ў якасці метаду і крытэрыю”, - лічыць Папа.

22 лістапада 2019 г. ва Універсітэце Чулалонгкорн у Бангкоку Святы Айцец сустрэўся з кіраўнікамі хрысціянскіх супольнасцей і іншых рэлігій, прадстаўнікамі акадэмічнага свету Тайланда.

У самым пачатку Пантыфік нагадаў, што кароль, чыё імя носіць ВНУ, быў першым кіраўніком нехрысціянскай дзяржавы, якога прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане Пантыфік – папа Леў XIII. Ён падкрэсліў заслугі манарха ў адмене рабства і ў гэтым кантэксце заклікаў да барацьбы з гандлем людзьмі.

Францішак спаслаўся на сучасную сітуацыю ў свеце, дзе хуткі прагрэс суіснуе з канфліктамі і дэградацыяй прыроднага асяроддзя. Ён звярнуў увагу на неабходнасць звязваць паміж сабой асобныя трывожныя з’явы і прапанаваў выпрацаваць “новую парадыгму ўрэгулявання канфліктаў, садзейнічаць узаемаразуменню і абараняць стварэнне”.

Святы Айцец звярнуў увагу на значны ўклад, які рэлігіі і ўніверсітэты могуць унесці ў гэтую працу. Гаворка ідзе пра фарміраванне павагі да годнасці чалавека; прасоўванне інтэгральнага гуманізму, здольнага прызнаць і абараніць наш агульны дом; адказнае кіраванне, якое б бараніла прыгажосць і багацце прыроды. Пантыфік запрасіў ствараць інстанцыі, на базе якіх можна было б развіваць супрацоўніцтва. Ён таксама падкрэсліў неабходнасць павагі да свабоды сумлення і веравызнання.

Францішак заклікаў дапамагчы моладзі адкрываць для сябе культурнае багацце Радзімы. Тут асаблівую ролю адыгрываюць установы адукацыі. “Даследаванні і веды дапамагаюць адкрываць новыя шляхі да скарачэння няроўнасці паміж людзьмі, умацавання сацыяльнай справядлівасці, адстойвання чалавечай годнасці, пошуку шляхоў мірнага ўрэгулявання канфліктаў і захавання рэсурсаў, якія даюць жыццё нашай зямлі”, - сказаў Святы Айцец.

Папа запрасіў рэлігійных лідараў і прадстаўнікоў навукі Тайланда будаваць культуру, заснаваную на агульных каштоўнасцях, якія вядуць да адзінства, узаемнай павагі і гарманічнага суіснавання.

Навіна ў фармаце аўдыё
22 лістапада 2019, 11:34