Абвяшчэнне Евангелля ў секулярызаваным свеце
“У прамове Святога Айца да Рымскай курыі, 21 снежня 2019 г., уразілі некаторыя словы і тое, як яны былі сказаны”, - падзяліўся Андрэа Тарніелі ў сваёй рэдактарскай калонцы на Vatican News.
Прызнаючы відавочныя факты, на якія звярталі ўвагу вялікія дзеячы Касцёла яшчэ да Другога Ватыканскага Сабора, Папа падкрэсліў: “Мы больш не жывём у хрысціянскім свеце, ужо не! Сёння мы больш не з’яўляемся адзінымі, хто стварае культуру, ні першымі, ні тымі, каго больш слухаюць”. “Мы больш не жывём у хрысціянскім свеце, бо вера”, па большай частцы на Захадзе, “ужо не складае відавочную перадумову суіснавання”, і больш за тое, адмаўляецца і высмейваецца.
Таму мы маем патрэбу ў “змене душпастырскага мыслення, што не азначае пераходу да рэлятывісцкага душпастырства”. Змена мыслення павінна пачынацца з прызнання таго, што “хрысціянскае жыццё, гэта шлях, пілігрымаванне”. Вядома, “пілігрымаванне не выключна геаграфічнае, але ў першую чаргу, сімвалічнае: гэта заклік адкрыць памкненне сэрца, якому, парадаксальным чынам, трэба вырушыць у шлях, каб застацца, трэба змяніцца, каб быць верным”.
Раней вера перадавалася ў сям’і, з малаком маці і праз прыклад бацькоў, а грамадства таксама натхнялася хрысціянскімі прынцыпамі. Сёння такая перадача перарвалася, а грамадскі кантэкст здаецца, калі не антыхрысціянскім, то, прынамсі, непранікальным для хрысціянскай веры.
Адсюль паўстае пытанне, якое стала прычынай Сабору і спадарожнічала апошнім пантыфікатам: як абвяшчаць Евангелле там, дзе яго больш не ведаюць і не прызнаюць? Невыпадкова, што Біскупы Рыма, адзін за адным, усё больш і больш указвалі менавіта на міласэрнасць, як на лек, неабходны для таго, каб лячыць раны нашага сучаснага чалавецтва. Міласэрнасць Бога, які шукае цябе, які становіцца блізкімі, які абдымае цябе перш, чым асуджае. Менавіта, спазнаўшы гэтыя абдымкі, мы прызнаем сябе беднымі грэшнікамі, якія няспынна патрабуюць дапамогі.
Падчас сустрэчы Францішак пажадаў падарыць супрацоўнікам Курыі кнігу-інтэрв’ю “Без Яго нічога не можам зрабіць”, напісаную Джані Валентэ. Папа назваў яе “дакументам”, які вырашыў стварыць да Надзвычайнага місійнага месяца. У гэтым тэксце, які быў апублікаваны нядаўна, ён тлумачыў, што “місія – гэта Яго справа”, што значыць Езуса.
“Няма патрэбы ў мітусні. Не трэба займацца самаарганізацыяй, не трэба крычаць. Не патрэбны рэкламныя прыёмы ці ваенная хітрасць”, бо “гэта Хрыстус дапамагае Касцёлу выйсці за свае рамкі. “У місіі абвяшчэння Евангелля, ты рушыш наперад, бо Святы Дух штурхае цябе, вядзе цябе. А калі дасягаеш мэты, бачыш, што Ён прыбыў туды перш за цябе, і чакае цябе”.
Абвяшчаць Евангелле, дадаваў Папа ў кнізе-інтэрв’ю, “не значыць чапляцца да іншых з апалагетычнымі прамовамі, крычаць у твар іншым” “праўду Аб’яўлення”. Яшчэ менш “трэба кідаць у іншых праўды і дактрынальныя формулы, нібыта яны з’яўляюцца камянямі”, бо “літаральнае паўтарэнне абвяшчэння не мае эфектыўнасці само па сабе, і можа трапляць у пустату, калі людзі, якім яно адрасавана, не маюць магчымасці сустрэць і нейкім чынам прадчуць пяшчоту Бога да іх. Гэта Яго міласэрнасць аздараўляе”.
Напрыканцы свайго каментара Андрэа Тарніелі, нагадаў словы Папы пра тое, што адметная рыса хрысціянскага місіянерства, заключаецца ў тым, каб спрашчаць шлях да веры. Спрашчаць, гэта значыць “рабіць больш простым, не ставіць перашкодаў жаданню Езуса абняць усіх, аздаравіць усіх, збавіць усіх”. Заўсёды ўсведамляючы, што “без Яго не можам нічога”.