Францішак: айцец Мігель Анхель Ф’ёрыта – майстар дыялогу
13 снежня 2019 г. Пантыфік прыняў удзел у прэзентацыі кнігі “Escritos” – пяцітомнага выдання твораў аргентынскага езуіта Мігеля Анхеля Ф’ёрыта. Сустрэча прайшла ў Генеральнай курыі Таварыства Езуса ў Рыме.
Святы Айцец напісаў прадмову да збору твораў свайго колішняга духоўнага настаўніка, у якой выказаў сваю ўдзячнасць а. Ф’ёрыта за яго неабыякавасць да духоўнага росту братоў у веры, за прыклад веры і за багаты інтэлектуальны скарб, якім ён дзяліўся пры жыцці і пакінуў наступнікам.
Па словах Пантыфіка, а. Ф’ёрыта быў сапраўдным “майстрам дыялогу”, бо мала казаў, аднак меў вялікую здольнасць разважлівага слухання, а гэта “адзін са стаўпоў дыялогу”. Ён трымаў дыстанцыю да праблем, з якімі да яго прыходзілі, бо імкнуўся пакінуць месца дзеянню Святога Духа. Ён не настойваў, не раіў і не ацэньваў, выключна накіроўваў, цярпліва чакаючы, калі Бог адкрые вочы суразмоўцы на праўду.
Францішак дадаў, што з кожным чалавекам а. Ф’ёрыта “быў любячым айцом, цярплівым настаўнікам і, калі было трэба, цвёрдым супраціўнікам, але заўсёды паважлівым і шчырым. Ніколі не ворагам”. “Быў чалавекам у пастаянным пошуку знакаў часу, уважлівым да таго, што Святы Дух кажа Касцёлу дзеля дабра людзей, голасам вялікай разнастайнасці аўтараў, сучасных і класікаў. (…) Яго творы могуць зацікавіць усіх, хто аказвае духоўнае суправаджэнне і праводзіць Духоўныя практыкаванні, усіх людзей, якія прагнуць практычнай дапамогі, каб накіроўваць іншых і каб прапаноўваць Духоўныя практыкаванні з большым плёнам”, - перакананы Святы Айцец.
Паводле Пантыфіка, настаўніку а. Мігелю Анхелю Ф’ёрыта, як езуіту, падыходзіць вобраз з Псальма 1 – вобраз дрэва, пасаджанага каля воднага патоку, якое прыносіць плён у свой час, і выказаў спадзяванне, што цяпер, дзякуючы выданню “Escritos”, “якое валодае глыбінёй велічнай мары, ён пусціць карані, заквітнее і прынясе плён у жыцці многіх людзей, якія жывяцца той самай ласкай, якую ён атрымаў і здолеў сціпла пераказаць, даючы і каментуючы Духоўныя практыкаванні”.
Пяцітомнік “Escritos” падрыхтавала да друку рэдакцыя часопіса La Civiltà Cattolica. Матэрыялы, сабраныя ў зборы, ахопліваюць перыяд з 1952 па 1991 гг. Многія з тэкстаў датычацца ордэна езуітаў, а таксама духоўнага распазнавання ў святле эклезіяльнага і сацыяльнага кантэксту Лацінскай Амерыкі і мясцовай народнай пабожнасці.