Францішак: марыялогія на службе братэрству і дыялогу
У звароце да ўдзельнікаў сходу Святы Айцец спаслаўся на яго тэму: “Марыя – шлях міру паміж культурамі”. Ён заўважыў, што на працягу ХХ ст. Папы заклікалі глядзець на Марыю як на “маяк міра для неспакойнага і спалоханага чалавецтва”, “настаўніцу чалавечнасці”, сведку “перамогі надзеі над трывогай, міра над збянтэжанасцю, адзінства над самотнасцю, радасці і прыгажосці над смуткам і агідай, вечных перспектыў над часовымі, жыцця над смерцю”.
Францішак нагадаў заклік св. Яна Паўла ІІ да таго, каб “Маці Адкупіцеля стала прычынай і натхненнем для абноўленай сустрэчы і зноў адшуканага братэрства”, і каб марыялогія заняла важнае месца ў тэалагічнай універсітэцкай фармацыі і дыялогу паміж навукамі. У сваю чаргу, Бэнэдыкт XVI заклікаў тэолагаў да глыбокага вывучэння адносін паміж марыялогіяй і тэалогіяй Слова.
Папская міжнародная марыйная акадэмія заўсёды служыла вучэнню Пантыфікаў, што яскрава сведчыць пра важнасць марыялогіі “для дыялогу паміж культурамі, здольнага ўмацоўваць братэрства і мір”, - падсумаваў Святы Айцец.
Сходы Папскіх акадэмій адбываюцца штогадова з 1995 г. Па традыцыі, адна з іх уручае прэміі за дасягненні ў той сферы навукі, у якой спецыялізуецца. Сёлета гэта зрабіла Папская міжнародная марыйная акадэмія. Лаўрэаты з Партугаліі і Румыніі атрымалі ўзнагароды з рук кардынала Дзяржсакратара Пьетра Параліна.
Марыялогія – гэта раздзел дагматычнай тэалогіі, які тычыцца Панны Марыі. Адным з піянераў марыйнай пабожнасці і марыялогіі ў Касцёле быў св. Людовік Марыя Грыньён дэ Манфор, вядомы сваім “Трактатам пра сапраўднае ўшанаванне Найсвяцейшай Панны Марыі”, дзе развівае канцэпцыю добраахвотнага і давернага прысвячэння сябе Багародзіцы.