Папа памаліўся ў санктуарыі Ясляў Божага Нараджэння ў Грэча
У маленькай каменнай гроце ў скале, дзе ў вігілію Божага Нараджэння 1223 г. узніклі першыя святочныя яслі, Папа падпісаў Апостальскі ліст, прысвечаны значэнню гэтага важнага элементу каталіцкай традыцыі святкавання Нараджэння Пана. Затым ён прыняў удзел у малітве, падчас якой прамовіў кароткую медытацыю.
“Колькі думак напаўняе розум у гэтым святым месцы. І тым не менш, перад гэтым каменем гор, вельмі дарагіх св. Францішку, тое да чаго мы пакліканы, гэта ў першую чаргу, нанова адкрыць для сябе прастату”, - пачаў сваё разважанне Пантыфік.
“Яслі, якія св. Францішак упершыню зрабіў менавіта ў гэтым невялікім месцы, падобным да сціплай бэтлеемскай гроты, кажуць самі за сябе. Тут няма патрэбы ў шматслоўі, бо сцэна, якая знаходзіцца перад нашымі вачыма, выражае мудрасць, якой патрабуем, каб заўважыць самае галоўнае.
Перад яслямі мы адкрываем для сябе наколькі важна для нашага жыцця, часта мітуслівага, знаходзіць моманты цішыні і малітвы. Цішыня – каб сузіраць прыгажосць аблічча Дзіцятка Езуса, Божага Сына, які нарадзіўся ў беднасці ў стайні. Малітва – каб выразіць напоўненае здзіўленнем “дзякуй” за гэты бязмежны дар любові, які нам даецца.
У гэтым простым і цудоўным знаку ясляў, які народная пабожнасць прыняла і перадавала з пакалення ў пакаленне, выяўляецца вялікая таямніца нашай веры: Бог нас любіць да такой ступені, што раздзяляе з намі нашу чалавечнасць і наша жыццё. Ніколі не пакідае нас саміх; суправаджае нас сваёй схаванай прысутнасцю, але не нябачнай. У кожнай сітуацыі, як ў радасці, так і ў цярпенні, Ён – Эмануэль, Бог з намі.
Як бэтлеемскія пастухі, прымем заклік пайсці да гроты, каб убачыць і распазнаць знак, які нам даў Бог. Тады нашы сэрцы напоўняцца радасцю і зможам несці яе туды, дзе ёсць смутак; напоўняцца надзеяй, якой трэба падзяліцца з тымі, хто яе згубіў.
Прыпадобнімся да Марыі, якая паклала свайго Сына ў яслі, бо не было месца ў доме. Разам з Ёй і св. Юзафам, Яе жаніхом, будзем трымаць позірк на Дзіцятку Езусе. Няхай усмешка, якая з’явілася на Яго твары ўначы, разгоніць абыякавасць і адкрые сэрцы на радасць тых, хто адчувае сябе любім Нябесным Айцом”, - закончыў сваю медытацыі Папа.