Святы Айцец наведаў выставу “100 батлеек у Ватыкане”
Пасля нядаўняга падпісання Апостальскага ліста “Admirabile signum”, прысвечанага значэнню ясляў Божага Нараджэння, візіт на выставу батлеек стаў яшчэ адным красамоўным жэстам Папы, які падкрэслівае важнасць і актуальнасць гэтай старажытнай каталіцкай традыцыі.
Францішак знаходзіўся на выставе каля 45 хвілін. Ён паразмаўляў з творцамі ясляў і іх сем’ямі, памаліўся з імі і ўдзяліў благаслаўленне. Пантыфіка суправаджаў старшыня Папскай рады па новай евангелізацыі, арцыбіскуп Рына Фізікела. Падчас візіту гучалі калядныя спевы ў выкананні хору з Будапешта “Kodály”.
На выставе “100 батлеек у Ватыкане” сёлета экспануюцца каля 130 ясляў Божага Нараджэння з 30 краін свету. Тут знайшлі сваё месца як традыцыйныя святочныя кампазіцыі, так і даволі экзатычныя, напрыклад, выкананыя з каралаў. Ёсць і яслі зробленыя рукамі дзяцей і няпоўнаспраўных.
Выстава добра вядомая жыхарам Вечнага горада. З 1976 па 2018 г. яна штогадова праводзілася на рымскай Пьяца-Дэль-Пополо. Улічваючы яе высокі евангелізацыйны патэнцыял, у 2018 г. яна была перанесена бліжэй да плошчы св. Пятра, куды ў святочныя дні прыбывае вялікая колькасць пілігрымаў і турыстаў.