1575909866037.JPG

Святы Айцец наведаў выставу “100 батлеек у Ватыкане”

Святы Айцец наведаў міжнародную выставу “100 батлеек у Ватыкане”, якая 8 снежня 2019 г. адкрылася ў палацы св. Пія Х на Віа-дэла-Канчыліяцыёнэ, 7, недалёка ад плошчы св. Пятра.

Пасля нядаўняга падпісання Апостальскага ліста “Admirabile signum”, прысвечанага значэнню ясляў Божага Нараджэння, візіт на выставу батлеек стаў яшчэ адным красамоўным жэстам Папы, які падкрэслівае важнасць і актуальнасць гэтай старажытнай каталіцкай традыцыі.

Францішак знаходзіўся на выставе каля 45 хвілін. Ён паразмаўляў з творцамі ясляў і іх сем’ямі, памаліўся з імі і ўдзяліў благаслаўленне. Пантыфіка суправаджаў старшыня Папскай рады па новай евангелізацыі, арцыбіскуп Рына Фізікела. Падчас візіту гучалі калядныя спевы ў выкананні хору з Будапешта “Kodály”.

На выставе “100 батлеек у Ватыкане” сёлета экспануюцца каля 130 ясляў Божага Нараджэння з 30 краін свету. Тут знайшлі сваё месца як традыцыйныя святочныя кампазіцыі, так і даволі экзатычныя, напрыклад, выкананыя з каралаў. Ёсць і яслі зробленыя рукамі дзяцей і няпоўнаспраўных.

Выстава добра вядомая жыхарам Вечнага горада. З 1976 па 2018 г. яна штогадова праводзілася на рымскай Пьяца-Дэль-Пополо. Улічваючы яе высокі евангелізацыйны патэнцыял, у 2018 г. яна была перанесена бліжэй да плошчы св. Пятра, куды ў святочныя дні прыбывае вялікая колькасць пілігрымаў і турыстаў.

Навіна ў фармаце аўдыё
10 снежня 2019, 11:22