Папа падчас св. Імшы Папа падчас св. Імшы 

Францішак: галоўнае ў жыцці – гэта нашыя адносіны з Богам

Хваробы душы трэба лячыць, а лекам можа служыць просьба аб прабачэнні, сказаў Папа падчас ранішняй Эўхарыстыі, якую 17 студзеня 2020 г. цэлебраваў у ватыканскім Доме св. Марты.

Каментуючы аповед пра аздараўленне спаралізаванага з Евангелля св. Марка (Мк 2, 1–12), Папа заўважыў, што “фізічнае аздараўленне – гэта дар, фізічнае здароўе – гэта дар, які мы павінны ахоўваць. Але Пан навучае нас, што ахоўваць трэба і здароўе сэрца, духоўнае здароўе”.

Папа дадаў, што ў Евангеллі можна знайсці яшчэ шмат прыкладаў, калі Езус аздараўляў грэшнікаў, у першую чаргу, даруючы ім іхнія грахі. Такім чынам, Ён дакранаецца сутнаснага – стасункаў чалавека з Богам.

“Мы ж часта забываем пра гэта, нібыта баімся ісці якраз туды, дзе адбываецца сустрэча з Панам, з Богам”, - заўважыў Пантыфік. На яго думку, мы вельмі моцна клапоцімся пра стан фізічнага здароўя, і гэта добра, аднак пра здароўе душы мы задумваемся значна менш.

“Калі Езус дакранаецца сутнаснага, то навучае нас простай рэчы. Сутнаснае – гэта здароўе, цэласнае: цела і душы. Давайце добра ахоўваць здароўе цела, але таксама і душы. І давайце звяртацца да таго Лекара, Які можа нас вылечыць, можа дараваць грахі. Езус прыйшоў для гэтага, для гэтага Ён аддаў сваё жыццё”, - сказаў Святы Айцец.
 

Навіна ў фармаце аўдыё
17 студзеня 2020, 14:03