1579079633037.jpg

Папа: быць мужнымі і радаснымі евангелізатарамі

Касцёл ніколі не павінен стамляцца прымаць з матчыным сэрцам людзей і абвяшчаць ім любоў Айца, які стаў бачным у Езусе, - сказаў Папа падчас агульнай аўдыенцыі, 15 студзеня 2020 г. у Ватыкане.

Завяршаючы цыкл катэхез, прысвечаных кнізе Дзеяў Апосталаў, Францішак засяродзіў сваю ўвагу на прабыванні Апостала Народаў у Рыме.

“Падарожжа Паўла, якое адначасова было падарожжам Евангелля, гэта доказ таго, што шляхі людзей, калі перажываюцца ў веры, могуць стаць прасторай перамяшчэння Божага збаўлення, праз Слова веры, якое ёсць дзейснай закваскай у гісторыі, здольнай змяняць сітуацыі і адкрываць пастаянна новыя шляхі”, - падкрэсліў Пантыфік.

Папа заўважыў, што з прыбыццём Паўла ў сэрца імперыі завяршаецца кніга Дзеяў Апосталаў. У той жа час, яна заканчваецца не мучаніцтвам Паўла, а шчодрым сеяннем Божага слова. Канец апавядання ўтрымлівае і абагульняе ўвесь дынамізм Божага слова, “няспыннага слова, якое прагне бегчы, каб перадаваць збаўленне ўсім”.

У Рыме Павел сустрэў, у першую чаргу, сваіх братоў у Хрысце, якія яго прынялі і напоўнілі адвагай (Дз 28, 15), а іх гарачая гасціннасць паказала, наколькі чаканым і жаданым было яго прыбыццё. Потым яму было дазволена жыць пад хатнім арыштам. “Нягледзячы на свой статус вязня, Павел мог сустракацца з уплывовымі юдэямі, якім тлумачыў, чаму быў вымушаны звяртацца да Цэзара, і апавядаў пра Божае Валадарства”, - сказаў Папа.

“Ён спрабаваў пераканаць іх адносна Езуса, абапіраючыся на Святое Пісанне і паказваючы пераемнасць паміж навіной Хрыста і “надзеяй Ізраэля” (Дз 28, 20). Павел глыбока адчуваў сябе яўрэем і бачыў у Евангеллі, якое прапаведаваў, выкананне абяцанняў, дадзеных выбранаму народу”

, - дадаў ён.

Пасля гэтай першай нефармальнай сустрэчы, на якой ён убачыў прыхільных юдэяў, адбылася другая, больш афіцыйная; падчас яе, на працягу ўсяго дня, Павел абвяшчаў Божае Валадарства і намагаўся адкрыць сваіх суразмоўцаў на веру ў Езуса, абапіраючыся на “закон Майсея і прарокаў” (Дз 28,22). Паколькі не ўсе пагаджаліся, ён выкрываў зацвярдзеласць сэрца Божага народа, што стала прычынай яго асуджэння з боку некаторых слухачоў (пар. Іс 6,9-10), і горача радаваўся за збаўленне народаў, якія дэманстравалі чуласць да Бога і здольнасць слухаць слова Евангелля жыцця (пар. Дз 28,28), - падкрэсліў Францішак.

“На гэтым моманце апавядання св. Лука завяршае свой твор, паказваючы нам не смерць Паўла, а дынамізм яго пропаведзі, дынамізм слова, якое “не зняволіш” (2 Цім 2,9) – Павел не меў свабоды перамяшчэння, але адчуваў свабоду ў абвяшчэнні, таму слова не было зняволеным, было гатовым да таго, каб яго сеялі шчодрыя рукі апостала. Павел рабіў гэта “без перашкоды і з усёй адвагай” (Дз 28,31) у доме, дзе прымаў тых, хто хацеў атрымаць абвяшчэнне Божага Валадарства і пазнаць Хрыста, - нагадаў Святы Айцец.

“Гэты дом, адкрыты для ўсіх сэрцаў, што былі ў пошуку, з’яўляецца вобразам Касцёла, які, нават тады, калі яго пераследуюць, кепска разумеюць і знявольваюць, ніколі не стамляецца прымаць з матчыным сэрцам кожнага чалавека, каб абвяшчаць яму любоў Айца, Які стаў бачным у Езусе”

, - сказаў Папа.

Францішак пажадаў, каб Святы Дух ажывіў “у кожным пакліканне заставацца мужным і радасным евангелізатарам”. “Няхай зробіць таксама і нас, як Паўла, здольнымі напоўніць нашы дамы Евангеллем і ператварыць іх у вячэрнікі братэрства, дзе можна будзе прымаць жывога Хрыста, Які “выходзіць насустрач нам у кожным чалавеку і ва ўсе часы”, - сказаў Пантыфік на заканчэнне катэхезы.

Рэпартаж з Залы Паўла VI
Навіна ў фармаце аўдыё
15 студзеня 2020, 12:03