1580037470256.jpg

Папа на “Анёл Панскі”: не асабістыя намаганні, а давер да Слова

“Слова Езуса, Добрая Навіна Езуса змяняе свет і сэрцы! Таму мы пакліканы давяраць Яго Слову, адкрыць сябе на міласэрнасць Айца і дазволіць сабе перамяніцца ласкай Святога Духа”, - заклікаў Папа.

26 студзеня 2020 г., падчас свайго разважання перад малітвай “Анёл Панскі”, Францішак сканцэнтраваўся на фрагменце Евангелля св. Мацвея (4, 12-23), які распавядае пра пачатак публічнай місіі Езуса. Гэта адбылося ў Галілеі, зямлі на перыферыі адносна Іерусаліма, на якую падазрона глядзелі па прычыне прысутнасці там язычнікаў. “Нічога добрага і новага ад гэтага рэгіёну не чакалася. Аднак менавіта адтуль Езус, які быў выхаваны ў Назарэце ў Галілеі, пачаў сваё на навучанне”, - заўважыў Папа.

“Цэнтральным стрыжнем” Хрыстовага вучэння стала запрашэнне: “Пакайцеся, бо наблізілася Валадарства Нябеснае”. “З прыходам Езуса, Які з’яўляецца святлом свету, Бог Айцец прадэманстраваў чалавецтву сваю блізкасць і сяброўства. Яны даюцца нам бясплатна, без нашых заслуг. (...) Мы павінны ахоўваць гэты дар!”, - звярнуў увагу Пантыфік.

Рэпартаж з плошчы св. Пятра

“Шмат разоў аказваецца, што нам не ўдаецца змяніць жыццё, адмовіцца ад шляху эгаізму, зла і граху, таму што намаганні навяртання накіраваны толькі на нас саміх і на нашы моцныя бакі, а не на Хрыста і Яго Духа. Але наша далучэнне да Пана не можа зводзіцца да асабістых намаганняў. Гэта было б нават грахом пыхі. (...) Замест гэтага варта выказаць давер адкрытасці сэрца і розуму для атрымання Добрай Навіны Езуса. Менавіта яна, Слова Езуса, Добрая Навіна Езуса змяняе свет і сэрца!”, - падкрэсліў Францішак.

Ён заклікаў браць прыклад з апосталаў, рашучасць якіх падчас сустрэчы з Хрыстом ператварыла іх у прапаведнікаў і сведак любові Бога да свайго народа. “Пераймаючы прыклад гэтых першых вестуноў і пасланцаў Божага Слова, кожны з нас можа пайсці па слядах Збаўцы, каб даць надзею тым, хто прагне яе”, - выказаў перакананне Святы Айцец.

Навіна ў фармаце аўдыё
26 студзеня 2020, 13:47