Папа падчас малітвы "Анёл Панскі" Папа падчас малітвы "Анёл Панскі" 

Папа на “Анёл Панскі”: сузіраць Езуса вачыма і сэрцам

Мы ўсё яшчэ бедныя грэшнікі, але ўжо не нявольнікі зла, - нагадаў Святы Айцец, падчас малітвы “Анёл Панскі”, якая прайшла 19 студзеня 2020 г. на плошчы св. Пятра ў Ватыкане.

Прапануем вашай увазе поўны тэкст медытацыі Францішка:

“Другая Нядзеля Звычайнага перыяду мае пераемнасць са святамі Аб’яўлення Пана і Хросту Езуса. Евангельскія чытанні (Ян 1,29-34) працягваюць распавядаць нам пра  аб’яўленне Езуса. Пасля хросту ў рацэ Ярдан Ён быў пасвячаны Святым Духам, які сышоў на Яго, а голас Нябеснага Айца абвясціў Яго Божым Сынам (пар. Мц 3,16-17). Евангеліст Ян, у адрозненне ад трох іншых евангелістаў, не апісвае падзеі, але дае нам сведчанне Яна Хрысціцеля. Ён быў першым сведкам Хрыста. Бог паклікаў яго і падрыхтаваў да гэтага.

Хрысціцель не мог стрымліваць настойлівага жадання сведчыць пра Езуса і абвясціў: “Я бачыў, і засведчыў” ( Ян 1, 34). Ян убачыў штосьці, што ўзрушвае – умілаванага Божага Сына, салідарнага з грэшнікамі; а Святы Дух даў яму зразумець нечуваную навіну, сапраўдны пераварот. Сапраўды, у той час, калі ва ўсіх рэлігіях менавіта чалавек штосьці дае і ахвяруе Богу, у выпадку Езуса – Бог ахвяруе свайго Сына для збаўлення чалавецтва. Ян дэманструе сваё захапленне і згоду з гэтай, поўнай здзіўлення навіной, якую прынёс Езус, праз шматзначны выраз, які мы паўтараем кожны раз падчас св. Імшы: “Вось Баранак Божы, які бярэ на сябе грэх свету” (Ян 1, 29).

Сведчанне Яна Хрысціцеля заклікае нас заўсёды пачынаць нанова наш шлях веры: пачынаць ад Езуса Хрыста, Ягнятка, поўнага міласэрнасці, якога даў нам Нябесны Айцец. Трэба дазволіць, каб нас нанова здзівіла нечаканае рашэнне Бога, стаць на наш бок, быць салідарным з намі, грэшнікамі, збавіць свет ад зла, поўнасцю беручы яго на сябе .

Будзем вучыцца ад Яна Хрысціцеля не лічыць, што мы ўжо ведаем Езуса, што мы ўжо ўсё ведаем пра Яго (Ян 1, 31). Гэта не так. Затрымаемся на Евангеллі, магчыма нават сузіраючы ікону Хрыста, “Святое Аблічча. Будзем сузіраць вачыма, а яшчэ больш сэрцам; дазволім, каб нас навучыў Святы Дух, які кажа нам у душы: гэта Ён! Гэта Божы Сын, які стаў ягняткам, і быў ахвяраваны дзеля любові. Ён і толькі Ён нёс, цярпеў і адкупіў грэх свету, а таксама мае грахі. Усе грахі. Ён узяў іх усе на сябе і забраў ад нас, каб мы нарэшце маглі стаць свабоднымі, каб больш не былі нявольнікамі зла. Так, мы яшчэ бедныя грэшнікі, але ўжо не рабы – мы сыны, мы дзеці Бога!

Няхай Панна Марыя дасць нам сілы сведчыць пра Яе Сына Езуса, абвяшчаць Яго радасцю і жыццём, свабодным ад зла, а таксама словам, поўным цудоўнай і ўдзячнай веры”.

Завяршаючы сваю нядзельную сустрэчу з вернікамі, Францішак пажадаў добрай нядзелі і папрасіў не забывацца маліцца за яго.
 

Навіна ў фармаце аўдыё
19 студзеня 2020, 13:24