Папа скіраваў віншаванні з Месяцовым Новым годам
Францішак павіншаваў народы, якія будуць святкаваць Новы год па месяцовым календары. Падчас агульнай аўдыенцыі 22 студзеня 2020 г. ён звярнуўся з адмысловым кароткім пасланнем.
“25 студзеня на Далёкім Усходзе і іншых частках свету многія мільёны людзей будуць святкаваць Месяцовы Новы год. Скіроўваю мае шчырыя віншаванні, жадаючы асабліва сем’ям быць месцам выхавання цнотаў гасціннасці, мудрасці, павагі да кожнага чалавека і гармоніі са стварэннем. Таксама заклікаю ўсіх маліцца аб міры, дыялогу і салідарнасці паміж народамі – дарах, асабліва патрэбных сённяшняму свету”, - сказаў Папа.
Месяцовы Новы год нярэдка называюць “Кітайскім”, бо яго святкаванне распаўсюдзілася па Азіі, а ў далейшым і па свеце, менавіта з Паднябеснай. З старажытных часоў ён з’яўляецца галоўным і самым працяглым святам у Кітаі і іншых краінах Усходняй Азіі.
22 студзеня 2020, 12:26