Папа сустрэўся з экуменічнай дэлегацыяй з Фінляндыі Папа сустрэўся з экуменічнай дэлегацыяй з Фінляндыі 

Папа: вера – спалучэнне ўдзячнасці Богу і гасціннасці да бліжніх

Сведчанне веры ў паўсядзённым жыцці павінна выяўляцца праз удзячнасць за дар хросту і праяўленне гасціннасці ў адносінах да бліжніх, перакананы Святы Айцец.

17 студзеня 2020 г. Францішак прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане экуменічную дэлегацыю з Фінляндыі, якая ажыццяўляе традыцыйную пілігрымку ў Вечны горад з нагоды свята св. Генрыха, апекуна гэтай паўночнаеўрапейскай краіны.

Вітаючы сваіх гасцей, Святы Айцец заўважыў, што ўсе мы ў адзінстве веры знаходзімся ў дарозе, “каб падбадзёрваць і ўзмацняць адзін аднаго, ідучы за Хрыстом”, і што нашае агульнае сведчанне веры ў паўсядзённым жыцці выяўляецца, галоўным чынам, праз удзячнасць за дар хросту і праз нашую гасціннасць.

“Як ахрышчаныя хрысціяне, мы верым, што Хрыстус хоча сустрэць нас менавіта ў тых людзях, якія ў жыцці пацярпелі крушэнне, як у прамым, так і ў пераносным сэнсе. Той, хто праяўляе гасціннасць, не бяднее, але становіцца больш багатым. Кожны, хто аддае, у сваю чаргу атрымлівае. Так, чалавечнасць, якую мы дэманструем іншым, таямнічым чынам робіць нас удзельнікамі дабрыні Бога, Які стаўся чалавекам”, - сказаў Папа.

Пантыфік заўважыў, што візіт фінскай дэлегацыі ў Ватыкан адбываецца акурат напярэдадні Тыдня малітваў аб еднасці хрысціян, які распачнецца 18 студзеня 2020 г., – ініцыятывы, якая асаблівым чынам заахвочвае да гасціннасці.

“Супольнасць усіх ахрышчаных – гэта значыць не проста быць побач адно з адным і дакладна не значыць быць адно супраць аднаго, але гэта жаданне станавіцца штораз больш глыбокім прабываннем разам. Духоўны экуменізм і экуменічны дыялог служаць для паглыблення гэтага быцця разам. Няхай гэтае быццё разам працягвае расці, развівацца і прыносць плён у Фінляндыі”, - пажадаў Францішак сваім гасцям напрыканцы прамовы.
 

Навіна ў фармаце аўдыё
17 студзеня 2020, 11:36