1581852765594.jpg

Папа: ад фармальнага да сутнаснага выканання Закона

Каб жыць хрысціянамі, трэба ісці па шляху любові, а гэта азначае, што Божыя запаведзі трэба выконваць не толькі фармальна, але і ад усёй душы, - падкрэсліў Папа 16 лютага 2020 г. падчас “Анёл Панскі”.

Прапануем поўны тэкст рэфлексіі Пантыфіка:

“Дарагія браты і сёстры, добры дзень! Сённяшняе Евангелле (Мц 5, 17-37) з’яўляецца фрагментам Нагорнага казання і закранае пытанне выканання Закона. Езус хоча дапамагчы сваім слухачам знайсці правільны падыход да запаведзяў, дадзеных Майсею, заклікаючы нас быць адкрытымі для Бога, Які праз Закон выхоўвае нас да сапраўднай свабоды і адказнасці. Сэнс у тым, каб жыць ім як інструментам свабоды – не будзем забываць жыць Законам як інструментам свабоды, які дапамагае мне быць больш свабодным, не быць рабом дрэнных схільнасцей і граху. Давайце падумаем пра войны і наступствы войнаў. Давайце падумаем пра дзяўчыну, якая пазаўчора памерла ад холаду ў Сірыі. Колькі ж бед! Гэта плён дрэнных схільнасцей, і людзі, якія вядуць вайну, не могуць кантраляваць сваіх жарсцей. Яны не рэалізуюць Закону. Калі мы паддаёмся спакусе і жарсці, мы не гаспадары і не стваральнікі нашага жыцця, мы губляем магчымасць кіраваць сваёй воляй і адказнасцю.

Прамова Езуса складаецца з чатырох антытэз, выказаных формулай “Вы чулі, што было сказана... а Я кажу вам”. Гэтыя антытэзы распаўсюджваюцца на чатыры сітуацыі паўсядзённага жыцця: забойства, распусту, развод і прысягу. Езусу непрыемныя правілы, якія датычацца гэтых праблем, таму тлумачыць іх глыбокі сэнс і ўказвае на дух, з якім іх трэба прытрымлівацца. Ён заклікае нас пераходзіць ад фармальнага выканання Закона да сутнаснай яго рэалізацыі, прымаючы Закон у сэрцы, якое з’яўляецца цэнтрам нашых намераў, рашэнняў, слоў і жэстаў. Добрыя і дрэнныя справы ідуць ад сэрца.

“Прымаючы Закон Божы ад усяго сэрца, мы разумеем, што, калі не любім бліжняга, у некаторай ступені забіваем сябе і іншых, таму што нянавісць, канкурэнцыя і падзел забіваюць братэрскую любоў, якая ляжыць у аснове міжасобасных адносін.”

Гэта тычыцца як таго, што я казаў – вайны, так і пляткарання, таму што мова забівае. Прымаючы Закон Божы ў сваім сэрцы, мы разумеем, што жаданнямі трэба кіраваць, таму што мы не можам валодаць усім, чаго мы хочам, і не добра паддавацца эгаістычным і сквапным пачуццям. Калі мы прымаем Закон Божы ў сваім сэрцы, мы разумеем, што павінны адмовіцца ад ладу жыцця няздзейсненых абяцанняў і перайсці ад забароны фальшывай прысягі да рашэння не прысягаць, прыняўшы цалкам сумленнае стаўленне да кожнага.

Рэпартаж з плошчы св. Пятра

Але Езус разумее, што не проста жыць запаведзямі так, каб ахапіць усё. Па гэтай прычыне Ён прапануе нам сваю любоў: прыйшоў у свет не толькі для выканання Закона, але і, каб даць нам сваю ласку для выканання волі Бога, любячы Яго і братоў. Мы можам зрабіць усё гэта з дапамогай Божай ласкі. Больш за тое, святасць – гэта не што іншае, як захаванне гэтага бязвыплатнага дару, які нам даў Бог, гэтай ласкі. Гаворка ідзе пра тое, каб даверыцца Яму, Яго ласцы, свабодзе, якую Ён нам даў, і каб прыняць руку, якую Ён увесь час працягвае да нас, каб нашы намаганні і нашы неабходныя абавязацельствы маглі падтрымлівацца Яго дапамогай, поўнай дабрыні і міласэрнасці.

Сёння Езус просіць нас ісці па шляху любові, які Ён нам паказаў і які пачынаецца з сэрца. Трэба ісці гэтым шляхам, каб жыць, як хрысціяне. Няхай Дзева Марыя дапаможа нам крочыць дарогай свайго Сына, каб дасягнуць сапраўднай радасці і распаўсюджваць справядлівасць і мір”, - сказаў Папа.

Завяршаючы традыцыйную нядзельную сустрэчу з вернікамі, Францішак папрасіў не забывацца маліцца за яго і яго служэнне.

Навіна ў фармаце аўдыё
16 лютага 2020, 13:30