1582531345702.JPG

Пантыфік: эгаізм і абыякавасць – пагрозы для міру і экалогіі

Быць соллю і святлом, якія надаюць смак жыццю шматлікіх людзей, - заклікаў Святы Айцец прадстаўнікоў каталіцкай дабрачыннай арганізацыі “Pro Petri Sede”.

Папа прыняў дабрачынцаў на аўдыенцыі 24 лютага 2020 г. у Ватыкане. Ён заўважыў, што пілігрымка да магілы св. Пятра з’яўляецца “учынкам веры, што спрыяе духоўнаму абнаўленню” і “фінансаваму і духоўнаму ўнёску на карысць сацыяльных і дабрачынных ініцыятыў, звязаных з душпастырскай місіяй Пантыфіка і дзейнасцю Апостальскай Сталіцы”.

“Ідучы шляхам вашых папярэднікаў, вы ўдзельнічаеце ў місійнай дзейнасці Касцёла, які змагаецца за інтэгральнае чалавечае развіццё кожнай асобы. Сапраўды, чалавек заўсёды павінен абараняцца і ахоўвацца ў сваёй цэласнасці і годнасці, незалежна ад яго паходжання і грамадскага статусу”, - сказаў ён.

Пантыфік заўважыў, што “у няспыннай гонцы за валоданнем, кар’ерай, пашанай і ўладай, слабых і малых часам ігнаруюць ці адчужаюць”. “Таму Касцёл, падтрымліваючы перавагу на карысць бедных, давярае людзям добрай волі і тым, хто прасякнуты Евангеллем, нясе кожнаму патрабуючаму мір і радасць Уваскрослага. Праз свой дабрачынны ўнёсак у жыццё Касцёла, вы становіцеся соллю і святлом, якія надаюць смак жыццю многіх людзей”, - звярнуўся Францішак да дабрачынцаў.

Папа адзначыў важнасць выклікаў, якія тычацца інстытута сям’і і абароны навакольнага асяроддзя, заклікаў быць адчувальнымі да “трывожнага крыку народаў”, якія пакутуюць ад войнаў, абяздоленасці, беднасці і заняпаду экасістэмы.

“Трэба неадкладна пакласці канец эксплуатацыі самых бедных! Неабходна тэрмінова спыніць жорсткасць у краінах, ахопленых войнамі і канфліктамі, якія ставяць мноства людзей на шлях выгнання!”, - падкрэсліў Францішак.

Святы Айцец заклікаў прадстаўнікоў “Pro Petri Sede” садзейнічаць клопату аб планеце і рэалізаваць экалагічнае навяртанне. “Ваша сведчанне хрысціянскага жыцця, якое праяўляецца праз шчодрасць і ўвагу да іншых людзей, з’яўляецца сёння для ўсіх заклікам да змагання супраць паўсюднай атмасферы індывідуалізму, эгаізму і абыякавасці, якая пагражае міру паміж людзьмі і навакольнаму асяроддзю”, - заўважыў Папа на заканчэнне сустрэчы.

Асацыяцыі “Pro Petri Sede” дзейнічае ў Бельгіі, Нідэрландах і Люксембургу. Яна бачыць сваёй галоўнай мэтай падтрымку ініцыятыў і намаганняў Святога Айца. Па даўняй традыцыі, штогадова члены асацыяцыі здзяйсняюць пілігрымку да магілы св. Пятра, а кожныя два гады атрымліваюць аўдыенцыю ў Пантыфіка.

Навіна ў фармаце аўдыё
24 лютага 2020, 11:58