1582106562346.jpg

Пантыфік: лагоднасць – рыса не баязліўцаў і “слабакоў”

Лагоднасць з’яўляецца рысай вучняў Хрыста. Яна дапамагае абараніць спакой, здабыць сэрца бліжняга, захаваць сяброўства і аднавіць адносіны з братам, - падкрэсліў Святы Айцец.

Падчас агульнай аўдыенцыі, якая прайшла 19 лютага 2020 г. у ватыканскай Зале Паўла VI, Папа пракаментаваў трэцяе евангельскае благаслаўленне: “Шчаслівыя лагодныя, бо яны зямлю атрымаюць у спадчыну” (Мц 5,5).

Францішак заўважыў, што слова “лагодны” літаральна азначае далікатны, ціхі, ветлівы і негвалтоўны. Гэта якасць праяўляецца галоўным чынам падчас канфліктаў. “Кожны можа здавацца лагодным, калі ўсё спакойна, але як будзе рэагаваць, калі апынецца “пад ціскам”, калі стане ахвярай нападу, абразы, замаху?”, - спытаў Пантыфік.

Лагоднасць была рысай Езуса. Св. Павел казаў пра “далікатнасць і лагоднасць Хрыста” (2 Кар 10,1), а св. Пётр заўважаў, што падчас Мукі Ён не зласловіў у адказ і не пагражаў, бо “давяраў сябе таму, хто судзіць справядліва” (1 П 2,23), - нагадаў Папа.

Францішак распавёў, што ў Святым Пісанні слова “лагодны” таксама азначае чалавека, які не мае зямельнай уласнасці. Евангельскае ж благаслаўленне кажа, што менавіта такія людзі “зямлю атрымаюць у спадчыну”. На першы погляд лагоднасць і валоданне зямлёй здаюцца несумяшчальнымі, бо зямля – гэта тое, за што вядзецца барацьба, гэта тое, што атрымлівае пераможца ў вайне, - заўважыў Пантыфік.

“Але давайце лепш паглядзім на слова, выкарыстанае для ўказання таго, якім чынам авалодваюць лагодныя: яны не заваёўваюць зямлю. Не гаворыцца: “шчаслівыя лагодныя, бо заваююць зямлю”. Благаслаўленне кажа не так. Яны “атрымаюць у спадчыну”. Шчаслівыя лагодныя, бо “атрымаюць у спадчыну” зямлю. У Святым Пісанні словы “атрымаць у спадчыну” маюць значна вышэйшае значэнне. Божы Народ называе “спадчынай” зямлю Ізраэля, гэта значыць Абяцаную зямлю”, - нагадаў Папа.

Рэпартаж з Залы Паўла VI

Францішак патлумачыў, што для Божага народа зямля была абяцаннем і дарам, знакам нечага нашмат большага і глыбокага, чым проста тэрыторыяй. “Існуе “зямля” – дазвольце мне гульню слоў, – якая з’яўляецца Небам, або зямля, да якой мы пілігрымуем: новае неба і новая зямля, да якой мы ідзём”, - сказаў Святы Айцец.

“Такім чынам, лагодны – гэта той, хто “атрымлівае ў спадчыну” самую цудоўную тэрыторыю. Ён не баязлівец, не “слабак”, які знаходзіць сабе апраўданне, каб заставацца па-за праблемамі. Зусім іншае! Гэта асоба, якая атрымала спадчыну і не хоча яе растраціць. Лагодны – гэта не прыстасаванец, але вучань Хрыста, які навучыўся абараняць зусім іншую зямлю. Ён бароніць уласны спакой, бароніць адносіны з Богам і Яго дары, захоўваючы міласэрнасць, братэрства, давер і надзею”, - заўважыў Папа.

Францішак нагадаў, што проціпастаўленнем лагоднасці з’яўляецца гнеў. “Хвіліна гневу можа знішчыць вельмі шмат; мы губляем кантроль і не ўлічваем таго, што па-сапраўднаму каштоўнае, можам знішчыць адносіны з братам, часам непапраўна. Па прычыне гневу многія браты больш не размаўляюць, аддаляюцца адно ад аднаго. Гнеў адвароты лагоднасці. Лагоднасць яднае, а гнеў раздзяляе”, - падкрэсліў Святы Айцец.

Папа заўважыў, што лагоднасць дае магчымасць здабыць вельмі шмат: сэрца бліжняга, захаваць сяброўства і многае іншае, бо людзі спачатку раздражняюцца, а потым супакойваюцца, пераасэнсоўваюць, і можна зноў адбудоўваць адносіны.

“Зямля”, якую трэба здабываць з дапамогай лагоднасці, гэта збаўленне таго брата, пра якога кажа тое ж Евангелле св. Мацвея: “Калі паслухаецца цябе, то ты здабыў свайго брата” (Мц 18,15). Не існуе больш цудоўнай зямлі, чым сэрца іншага; немагчыма здабыць больш прыгожай тэрыторыі, чым адноўлены мір з братам. Вось зямля, якую можна атрымаць у спадчыну дзякуючы лагоднасці”, - падсумаваў сваю катэхезу Святы Айцец.

Навіна ў фармаце аўдыё
19 лютага 2020, 11:52