1580573876403.JPG

Пантыфік да кансэкраваных асобаў: бачыць тое, што вартае ў жыцці

Сцерагчыся мірскога погляду і трываць у любові Пана, - заклікаў Францішак кансэкраваных асобаў падчас св. Імшы, якую цэлебраваў вечарам 1 лютага 2020 г. у Ватыкане.

Урачыстая літургія прайшла з нагоды свята Ахвяравання Пана і Дня кансэкраванага жыцця. На самым яе пачатку адбылося традыцыйнае благаслаўленне свечак, з якімі манахі і манахіні з розных частак свету прайшлі ў працэсій, напаўняючы святлом паўзмрок базылікі св. Пятра.

У гаміліі Папа прыгадаў словы: “Вочы мае ўбачылі збаўленне Тваё” (Лк 2,30). Яны належаць Сімяону, якога Евангелле апісвае яго як простага, праведнага і пабожнага чалавека. У малым і ўразлівым дзіцятку гэты старац убачыў Збаўцу, а ўзяўшы Яго на рукі, адчуў у веры, што “у Ім Бог спаўняе свае абяцанні”. Цяпер Сімяон мог “адыйсці ў супакоі”, бо яго вочы “убачылі ласку, вартую больш за жыццё”.

“Таксама і вы, дарагія кансэкраваныя браты і сёстры, з’яўляецеся простымі мужчынамі і жанчынамі, якія ўбачылі скарб, варты больш за ўсе даброты свету. Дзеля яго вы пакінулі каштоўныя рэчы, такія як маёмасць ці стварэнне сваёй сям’і. Чаму вы гэта зрабілі? Бо закахаліся ў Езуса, убачылі ў Ім усё, і захопленыя Яго погдядам, пакінулі ўсё іншае. Кансэкраванае жыццё – гэта бачанне. Яно азначае бачыць тое, што ёсць вартым у жыцці”, - сказаў Папа.

Францішак нагадаў, што кансэкраванаму жыццю пагражае спакуса “мірскога погляду”. “Гэта погляд, які перастае заўважаць Божую ласку як самае галоўнае ў жыцці і пачынае шукаць яе займеннікі: крыху поспеху, эмацыйнага суцяшэння, нарэшце, рабіць усё, што хачу. Але, калі кансэкраванае жыццё перастае рухацца вакол Божай ласкі, тады засяроджваецца на ўласным “я”. Губляе запал, шукае камфорту і спыняецца”, - папярэдзіў Пантыфік.

У такой сітуацыі, паводле Святога Айца, асоба перастае бачыць Бога ва ўсім, а толькі дынаміку гэтага свету, пачынае ўсяму абурацца, наракаць, пляткарыць, становіцца пасіўнай і прагматычнай, у той час як у сэрцы расце смутак і недавер, што прыводзіць да роспачы. “Вось куды вядзе мірскі погляд”, - дадаў ён.

Рэпартаж з базылікі св. Пятра

Францішак заклікаў кансэкраваных асобаў па прыкладзе Сімяона бачыць “Божую ласку для нас”, для чаго неабходна знаходзіцца ў блізкасці са Святым Духам і Божай любоўю.

“Кансэкраванае жыццё, калі трывае ў любові Пана, бачыць прыгажосць. Бачыць, што беднасць – гэта не тытанічныя высілкі, але найвышэйшая свабода, якая дорыць нам Бога і блізкіх, як сапраўднае багацце. Бачыць, што чыстасць – гэта не суровая бясплоднасць, але шлях любові без авалодвання. Бачыць, што паслухмянасць – гэта не дысцыпліна, а перамога над нашай анархіяй”, - сцвердзіў Святы Айцец.

Папа заўважыў, што ўбачыўшы Езуса, які прыйшоў, каб служыць, а не каб Яму служылі, Сімяон назваў сябе слугой. Той, хто засяроджвае позірк на Езусе, “вучыцца жыць, каб служыць”, а не чакае, калі іншыя пачнуць рабіць гэта, ён адпраўляецца на пошук бліжняга.

“Дзе мой бліжні ў кансэкраваным жыцці? У першую чаргу ва ўласнай супольнасці. Трэба прасіць аб ласцы здольнасці шукаць Езуса ў братах і сёстрах, якіх мы атрымалі. Менавіта там мы павінны пачынаць жыць любоўю: у тым месцы, дзе жывём, прымаючы братоў і сясцёр з іх беднасцю, як Сімяон прыняў простага і беднага Езуса”, - сказаў Пантыфік.

Францішак заўважыў, што сёння, калі шмат людзей бачаць у іншых “толькі перашкоды і складанасці”, ёсць патрэба ў позірках, здольных “шукаць бліжняга”. Кансэкраваныя асобы пакліканы несці ў свет такі спагадлівы погляд, які не асуджае, не знеахвочвае, а вызваляе і суцяшае.

Напрыканцы гаміліі Папа заклікаў манахаў і манахінь мець “позірк надзеі”, беручы прыклад з Сімяона і Ганны, якія няглядзячы на сталы ўзрост, знаходзіліся ў святыні, дзень і ноч служачы Богу. “Вось у чым таямніца: не аддаляцца ад Пана, крыніцы надзеі. Мы становімся сляпымі, калі не глядзім на Пана кожны дзень, калі не адаруем Яго”, - падкрэсліў Святы Айцец.

Навіна ў фармаце аўдыё
02 лютага 2020, 11:24