Праграма публічных цэлебрацый Папы на бліжэйшыя месяцы
У Папяльцовую сераду, 26 лютага, Францішак пройдзе ў традыцыйнай пакутнай працэсіі ад рымскага бэнэдыктынскага касцёла св. Анзэльма да дамініканскай базылікі св. Сабіны на Авенцінскім пагорку, дзе ўзначаліць Эўхарыстыю з абрадам пасыпання галоў попелам.
Велікапостныя рэкалекцыі для Папы і супрацоўнікаў Рымскай курыі сёлета пройдуць з 1 па 6 сакавіка, як звычайна, у Арыча, у 30 км ад Рыма. У пятніцу 20 сакавіка Пантыфік правядзе пакутнае набажэнства ў ватыканскай базыліцы св. Пятра.
У Пальмовую нядзелю, 5 красавіка, Папа ўзначаліць св. Імшу на плошчы св. Пятра, падчас якой адбудзецца працэсія з пальмовымі галінкамі. Вялікі чацвер, 9 красавіка, распачнецца для Пантыфіка сустрэчай са святарамі на Эўхарыстыі ў ватыканскай базыліцы. Вечарам 10 красавіка там жа Францішак будзе цэлебраваць набажэнства Вялікай пятніцы, пасля якога накіруецца ў рымскі Калізей, дзе возьме ўдзел у Крыжовым шляху.
У суботу, 11 красавіка, Святы Айцец правядзе Імшу Пасхальнай Вігіліі ў базыліцы св. Пятра. У Вялікдзень, 12 красавіка, ён узначаліць святочную Эўхарыстыю на плошчы св. Пятра, пасля якой, з цэнтральнай лоджыі ватыканскай базылікі, скіруе пасланне міру і ўдзеліць благаслаўленне “Urbi et Orbi”. Таксама праз тыдзень, 19 красавіка, у Нядзелю Божай Міласэрнасці, Францішак будзе цэлебраваць св. Імшу на ватыканскай плошчы.