1580985491838.jpg

Старшыня ўрада Харватыі з візітам у Ватыкане

Святы Айцец прыняў 6 лютага 2020 г. на аўдыенцыі ў Ватыкане Андрэя Пленкавіча, старшыню ўрада Рэспублікі Харватыя. Пазней палітык сустрэўся таксама з кардыналам Дзяржсакратаром Пьетра Паралінам.

Падчас сардэчных размоў у Дзяржаўным сакратарыяце была выказана ўдзячнасць за добрыя двухбаковыя адносіны і наяўнасць намеру далейшага развіцця супрацоўніцтва ў сектарах, якія ўяўляюць узаемны інтарэс. Увага была засяроджана таксама на асноўных абавязацельствах харвацкага старшынства ў Савеце Еўрапейскага Саюза, з асаблівай спасылкай на праблемы, якія тычацца будучыні Еўропы.

Гаворка ішла і пра розныя міжнародныя і рэгіянальныя пытанні, у тым ліку пра становішча харвацкага народа ў Босніі і Герцагавіне, міграцыю, мір і бяспеку.

49-гадовы Андрэй Пленкавіч – харвацкі юрыст, дыпламат і палітык. У мінулым ён быў дэпутатам Еўрапейскага парламента, кіраваў Камітэтам парламенцкага супрацоўніцтва паміж Украінай і ЕС, адначасова з’яўляючыся намеснікам кіраўніка Камітэта па замежных справах. Прэм’ер-міністр Харватыі з 19 кастрычніка 2016 г.

Навіна ў фармаце аўдыё
06 лютага 2020, 12:33