Пошук

Papa Francesco e don Marco Pozza 2 (credit - foto Vatican Media).png

“Credo” Францішка: аснова арганізацыі Касцёла – сакрамэнты

На тэлеканале італьянскага епіскапату TV2000 выйшлі чарговыя выпускі праграмы з удзелам папы Францішка, прысвечаныя “Апостальскаму сімвалу веры”.

Пантыфік у інтэрв’ю для вядучага праграмы кс. Марка Поца заўважыў, што, па-першае, вера павінна “перадавацца на сямейным дыялекце”, на мове людзей, якія знаходзяцца побач і атуляюць любоўю. Па-другое, вера павінна выражацца ў здольнасці “пэцкаць рукі”, каб дапамагчы бліжняму падняцца.

“Калі я бачу занадта чыстых хрысціян, якія маюць усю ісціну, прававернае, праўдзівае вучэнне, але не хочуць пэцкаць рукі, каб дапамагчы некаму ўстаць (...), калі я бачу такіх людзей, я кажу: “Але вы не хрысціяне; вы тэісты з благаслаўлёнай хрысціянскай вадой, але вы яшчэ не дасягнулі хрысціянства”, - прызнаўся Папа ў другім выпуску праграмы “Веру” (Io credo), які выйшаў у эфір 24 лютага 2020 г.

У трэцім эпізодзе праграмы (2 сакавіка 2020 г.) Францішак звярнуў увагу на “плюрыформнасць” Касцёла – аўтарам гэтай разнастайнасці з’яўляецца Святы Дух. “Але Ён таксама – аўтар адзінства: з той разнастайнасці, якую Ён стварае, вырастае адзінства, гармонія”. Ён параўнаў гэту разнастайнасць у адзінстве з аркестрам: хоць кожны асобны музыкант павінен дайсці да дасканаласці выканання, але толькі аркестр прыводзіць музыку да гармоніі.

“Аснова арганізацыі Касцёла – гэта сакрамэнты і тое, як Езус іх даў: хрост, які дапамагае табе ісці наперад; Эўхарыстыя, якая будуе Касцёл; пасвячэнне, якое стварае святарства і святарскі народ, таксама і служэбнае святарства. Гэта ўсё спосаб арганізацыі Касцёла. Іншыя метады не з’яўляюцца касцёльнымі”

, - патлумачыў Пантыфік 6 сакавіка 2020 г. кс. Марка Поца ў чацвёртым выпуску праграмы “Веру”.

У гісторыі здараліся “дэфармацыі” у разуменні або ў арганізацыі Касцёла, - заўважыў Францішак. Часта Касцёл “саслізгваў” у скандалы і памылкі, што былі эфектам дрэнна зразуметай арганізацыі. Ёсць формы арганізацыі, якія мы лічым хрысціянскімі, але яны не хрысціянскія, а чалавечыя – вынік пэўнага ўяўлення пра хрысціянства. “Не! Хрысціянская арганізацыя – гэта сакрамэнты”, - падкрэсліў Пантыфік.

Першы выпуск “Credo” выйшаў у эфір 17 лютага 2020 г. Увесь цыкл складаецца з васьмі праграм, якія, у сваю чаргу, замыкаюць своеасаблівую тэлетрылогію на тэму галоўных хрысціянскіх малітваў, распачатую яшчэ ў 2017 г. У рамках праекта раней ужо былі прааналізаваны “Ойча наш” і “Вітай, Марыя”.

Чацвёрты выпуск праграмы "Веру" з удзелам Папы
Навіна ў фармаце аўдыё
07 сакавіка 2020, 15:01