IO-CREDO-PER-WEB.00_01_05_00.Immagine001.jpg

“Credo” Францішка: мы павінны трымацца за якар надзеі

Мы павінны ісці па шляху надзеі, бо, калі не верым у наша ўваскрашэнне, уся нашая вера становіцца марнасцю, - перакананы Святы Айцец.

У сёмым выпуску праграмы “Веру” (Io Credo), прысвечанай разважанню на тэму “Апостальскага сімвала веры”, Францішак дзеліцца з гледачамі сваімі думкамі адносна ўваскрасення цела. Фрагмент тэлеперадачы ўжо даступны для прагляду на Youtube. Яе поўная версія выйдзе на тэлеканале італьянскага епіскапату TV2000 30 сакавіка 2020 г.

У размове з вядучым, кс. Марка Поца, Папа заўважыў, што ўсе мы маем раны і што нашае здароўе, нашая натуральная прыгажосць паступова пагаршаюцца, аднак сёння мала знойдзецца людзей, якія ўмеюць цаніць маршчыны, што з гадамі з’яўляюцца на твары.

“Мы заўсёды намагаемся прыкрыць непрыгожыя для нас рэчы. Мы прызвычаіліся хаваць іх і не верыць, што яны маюць прыгажосць і нясуць у сабе надзею”

, - сцвердзіў Пантыфік.

Па яго словах, тое ж адбываецца і з верай у наша ўваскрашэнне: “так, ідзём, удзельнічаем у абрадзе пахавання, молімся за памерлых, аднак...”, што наконт уваскрашэння? У дачыненні да гэтага пытання Францішак прыгадаў вельмі моцную пазіцыю св. Апостала Паўла: калі няма ўваскрашэння мёртвых, нашая вера – марная (гл. 1 Кар 15, 12-19).

Трэба, каб жывой была вера, пераказаная нашымі бабулямі, якія, дзякуючы таму, што верылі ва ўваскрашэнне, цяпер жывуць і сузіраюць Бога. Трэба размаўляць з памерлымі, з нашымі продкамі, пытацца, дзе яны. “Таму што было першае Уваскрасенне, а потым будзе ўніверсальнае, для ўсіх, але яны [нашыя продкі] ужо прабываюць перад абліччам Бога”, - сказаў Папа.

Францішак у сёмым выпуску праграмы "Io Credo"

Пантыфік запэўніў, што “надзея – гэта якар, і калі нашыя рукі трымаюцца за якар надзеі, то мы на правільным шляху”.

Першы выпуск “Credo” выйшаў у эфір 17 лютага 2020 г. Увесь цыкл складаецца з васьмі праграм, якія, у сваю чаргу, замыкаюць тэлетрылогію на тэму галоўных хрысціянскіх малітваў, распачатую Францішкам яшчэ ў 2017 г. Раней ён ужо прааналізаваў “Ойча наш” і “Вітай, Марыя”.

Навіна ў фармаце аўдыё
28 сакавіка 2020, 13:19