Францішак да Легіянераў Хрыста: працягваць шлях абнаўлення
Па прычыне прастуды Пантыфік не змог прыняць прадстаўнікоў гэтых каталіцкіх супольнасцей на аўдыенцыі, якая павінна была адбыцца 29 лютага 2020 г., але перадаў ім сваё пасланне.
Папа нагадаў, што злачынныя паводзіны іх заснавальніка, кс. Марсьяля Масьеля, выклікалі глыбокі крызіс. Касцёл, аднак, праявіў матчыны клопат, умацаваўшы рух “людзьмі з большай чалавечай і пастырскай чуллівасцю, а таксама прызнанай юрыдычнай кампетэнцыяй”.
“Новыя канстытуцыі і статуты з’яўляюцца па-сапраўднаму наватарскімі, бо адлюстроўваюць новы дух і новае бачанне манаскага жыцця ў адпаведнасці з Другім Ватыканскім Саборам і дырэктывамі Святога Пасаду. Яны таксама з’яўляюцца плёнам трохгадовай працы, у якую былі ўключаны ўсе вашы супольнасці, і якая прывяла да змены ментальнасці”, - зазначыў Францішак.
Папа падкрэсліў, што члены супольнасцей мужна адкрыліся на дзеянне Святога Духа, стаўшы, з суправаджэннем Касцёла, “на шлях сапраўднага распазнання”. Гаворка ідзе пра працу, якая прывяла да стварэння Федэрацыі Regnum Christi, якая аб’яднала членаў манаскага інстытута Легіянеры Хрыста, а таксама членаў таварыстваў кансэкраванага жыцця і свецкіх вернікаў руху Regnum Christi.
Францішак заклікаў новае кіраўніцтва Федэрацыі “збіраць і ўмацоўваць плады, якія саспелі за гэтыя гады”, дзейнічаць рашуча, грунтоўна і мягка, з адвагай і разважлівасцю, знаходзячы новы шлях служэння, ухваленыя Касцёлам.
Легіянеры Хрыста былі заснаваны ў Мексіцы ў 1941 г. кс. Марсьялем Масьелем. Пасля таго, як былі высветлены сур’ёзныя амаральныя паводзіны заснавальніка, Бэнэдыкт XVI заклікаў да ачышчэння кангрэгацыі і ініцыяваў працэс рэфармавання. Федэрацыі Regnum Christi была прызнана Святым Пасадам 12 чэрвеня 2019 г.