Францішак на Дзень малітвы аб пакліканнях пра “прывід нявер’я”
Аб гэтым ён напісаў у пасланні на 57-ы Сусветны дзень малітвы аб пакліканнях, які будзе адзначацца ў IV Велікодную Нядзелю – Нядзелю Добрага Пастыра. Сёлета – гэта 3 мая.
У тэксце Пантыфік спаслаўся на евангельскі ўрывак аб суцішэнні буры, у якую трапілі вучні Хрыста на Тыберыядскім возеры (Мц 14,22-33). Ён заўважыў, што гэта сцэна пэўным чынам нагадвае жыццёвае падарожжа кожнага чалавека.
“Човен нашага жыцця павольна плыве наперад у неўтаймаваным пошуку шчаслівага прыстанку”, гатовы “сустрэць рызыкі і магчымасці мора”, прагнучы, каб “рулявы нарэшце скіраваў яго на слушны шлях”. Часам гэты човен можа згубіцца, быць аслеплены ілюзіямі і “плысці не на святло маяка, што вядзе ў бяспечны порт”, можа сустрэць “супраціўныя ветры цяжкасцей, сумневаў і страхаў”, - зазначыў Папа ў пасланні, абнародаваным 24 сакавіка 2020 г.
Пантыфік падкрэсліў, што рашэнне пакінуць асабістую бяспеку і распачаць шлях не з’яўляецца лёгкім, бо баімся не справіцца з адказнасцю, звязанай з пакліканнем. Але, як кажа Евангелле, у гэтым падарожжы мы не самотныя. Пан даганяе вучняў, “уваходзіць у човен і прымушае вецер сціхнуць”, гэта Ён кліча нас і становіцца рулявым, суправаджаючы на шляху. Гэта, заўважыў Папа, сапраўдная прычына для ўдзячнасці.
Першай рэакцыяй вучняў, калі Езус выйшаў ім насустрач, быў страх. Апосталы думалі, што Ён – прывід. Францішак падкрэсліў, што паралізуюць менавіта “прывіды, якіх носім унутры сябе”.
, - напісаў Папа.
Пантыфік зазначыў, што ў выніку людзі пачынаюць шукаць апраўданні і рабіць разлікі, што прыводзіць да страты запалу. Менавіта па гэтай прычыне сужэнства і пасвячэнне патрабуюць асаблівай мужнасці. Пан ведае пра гэта, таму кажа: “Не бойцеся!”.
Святы Айцец падкрэсліў, што кожнае пакліканне патрабуе ад чалавека высілкаў. Іх можна прыняць на сябе і здзейсніць толькі гледзячы на Хрыста. “Гэта Ён трымае нас за руку, калі па прычыне стомленасці ці страху рызыкуем патануць, і адорвае нас запалам, неабходным, каб жыць нашым пакліканнем з радасцю і энтузіязмам”, - заўважыў Папа.
Францішак скіраваў свае думкі да тых, хто мае важныя заданні ў грамадстве, да сужонкаў, кансэкраваных асоб і святароў. “Я ведаю пра вашы цяжкасці, пра самотнасць, якая часам абцяжарвае сэрца, пра рызыку паступова прызвычаіцца, што павольна гасіць полымя паклікання, пра цяжар няўпэўненасці і нестабільнасці нашага часу, пра страх перад будучыняй. Будзьце адважнымі, не бойцеся!”, - нагадаў ён словы Хрыста.
Завяршаючы пасланне, Францішак заклікаў прастаўляць Пана за тое, што Ён працягвае нам руку і збаўляе нас. Святы Айцец пажадаў, каб кожны чалавек мог адкрыць і прыняць Божае пакліканне, “ахвяруючы сваё жыццё братам і ўсяму свету ў якасці гімну праслаўлення Бога”.