III-domenica-del-tempo-ordinario-anno-A-3.jpg

Францішак на Дзень малітвы аб пакліканнях пра “прывід нявер’я”

Папа пажадаў, каб кожны чалавек мог адказаць на пакліканне, атрыманае ад Бога. Ён падкрэсліў, што гэта вымагае ад чалавека высілкаў, якія можна рэалізаваць толькі гледзячы на Хрыста.

Аб гэтым ён напісаў у пасланні на 57-ы Сусветны дзень малітвы аб пакліканнях, які будзе адзначацца ў IV Велікодную Нядзелю – Нядзелю Добрага Пастыра. Сёлета – гэта 3 мая.

У тэксце Пантыфік спаслаўся на евангельскі ўрывак аб суцішэнні буры, у якую трапілі вучні Хрыста на Тыберыядскім возеры (Мц 14,22-33). Ён заўважыў, што гэта сцэна пэўным чынам нагадвае жыццёвае падарожжа кожнага чалавека.

“Човен нашага жыцця павольна плыве наперад у неўтаймаваным пошуку шчаслівага прыстанку”, гатовы “сустрэць рызыкі і магчымасці мора”, прагнучы, каб “рулявы нарэшце скіраваў яго на слушны шлях”. Часам гэты човен можа згубіцца, быць аслеплены ілюзіямі і “плысці не на святло маяка, што вядзе ў бяспечны порт”, можа сустрэць “супраціўныя ветры цяжкасцей, сумневаў і страхаў”, - зазначыў Папа ў пасланні, абнародаваным 24 сакавіка 2020 г.

Пантыфік падкрэсліў, што рашэнне пакінуць асабістую бяспеку і распачаць шлях не з’яўляецца лёгкім, бо баімся не справіцца з адказнасцю, звязанай з пакліканнем. Але, як кажа Евангелле, у гэтым падарожжы мы не самотныя. Пан даганяе вучняў, “уваходзіць у човен і прымушае вецер сціхнуць”, гэта Ён кліча нас і становіцца рулявым, суправаджаючы на шляху. Гэта, заўважыў Папа, сапраўдная прычына для ўдзячнасці.

Першай рэакцыяй вучняў, калі Езус выйшаў ім насустрач, быў страх. Апосталы думалі, што Ён – прывід. Францішак падкрэсліў, што паралізуюць менавіта “прывіды, якіх носім унутры сябе”.

“Калі мы пакліканы пакінуць наш бяспечны бераг і прыняць пэўны жыццёвы стан – сужэнства, святарства, кансэкраванае жыццё, – першай рэакцыяй часта з’яўляецца “прывід нявер’я”: маўляў, немагчыма, каб гэта было пакліканне для мяне. Ці сапраўды гэта слушны шлях? Ці Пан менавіта аб гэтым просіць мяне?”

, - напісаў Папа.

Пантыфік зазначыў, што ў выніку людзі пачынаюць шукаць апраўданні і рабіць разлікі, што прыводзіць да страты запалу. Менавіта па гэтай прычыне сужэнства і пасвячэнне патрабуюць асаблівай мужнасці. Пан ведае пра гэта, таму кажа: “Не бойцеся!”.

Святы Айцец падкрэсліў, што кожнае пакліканне патрабуе ад чалавека высілкаў. Іх можна прыняць на сябе і здзейсніць толькі гледзячы на Хрыста. “Гэта Ён трымае нас за руку, калі па прычыне стомленасці ці страху рызыкуем патануць, і адорвае нас запалам, неабходным, каб жыць нашым пакліканнем з радасцю і энтузіязмам”, - заўважыў Папа.

Францішак скіраваў свае думкі да тых, хто мае важныя заданні ў грамадстве, да сужонкаў, кансэкраваных асоб і святароў. “Я ведаю пра вашы цяжкасці, пра самотнасць, якая часам абцяжарвае сэрца, пра рызыку паступова прызвычаіцца, што павольна гасіць полымя паклікання, пра цяжар няўпэўненасці і нестабільнасці нашага часу, пра страх перад будучыняй. Будзьце адважнымі, не бойцеся!”, - нагадаў ён словы Хрыста.

Завяршаючы пасланне, Францішак заклікаў прастаўляць Пана за тое, што Ён працягвае нам руку і збаўляе нас. Святы Айцец пажадаў, каб кожны чалавек мог адкрыць і прыняць Божае пакліканне, “ахвяруючы сваё жыццё братам і ўсяму свету ў якасці гімну праслаўлення Бога”.

Навіна ў фармаце аўдыё
24 сакавіка 2020, 14:50