Пантыфік памаліўся за ахвяр каронавіруса і членаў іх сем'яў
Літургія трансліравалася ў прамым эфіры ватыканскімі СМІ.
"У гэтыя дні даходзяць да нас навіны пра мноства памерлых: мужчын і жанчын, якія паміраюць у адзіноце, не ў стане развітацца са сваімі блізкімі. Мы думаем пра іх і молімся за іх. Але таксама і за сем'і, якія не могуць суправаджаць сваіх блізкіх у адыходзе з гэтага свету. Мы молімся асабліва за памерлых і за членаў іх сем'яў ", - сказаў Францішак.
Каментуючы літургічны евангельскі ўрывак пра аздараўленне сляпога ад нараджэння (Ян 9, 1- 41), Францішак заклікаў вернікаў чуваць, каб заўважылі, калі Езус праходзіць праз іх жыццё і змаглі навяртацца да Яго.
Папа нагадаў славутую фразу св. Аўгустына: “Баюся, што я не заўважу, як Бог праходзіць побач мяне”. Пантыфік падкрэсліў, што ў прысутнасці Езуса выяўляюцца сапраўдныя пачуцці і менавіта таму св. Аўгустын баяўся, што Езус пройдзе побач, і ён не зразумее гэтай прысутнасці, якая з’яўляецца ласкай. У выпадку сляпога гэтая прысутнасць відавочная. Хрыстус праходзіць, аздараўляе сляпога і разгараецца скандал. І тады раскрываецца самае лепшае і самае горшае ў чалавеку.
Францішак нагадаў, што кніжнікі і фарысеі ведалі ўсе правілы, але не разумелі, калі побач іх праходзіць Бог. Яны былі строгімі, прывязанымі да сваіх прывычак, і калі з-за гэтага давялося ім давесці да несправядлівасці, гэта для іх не было праблемай. Гэтае закрыццё выявілася ў прысутнасці Хрыста.
На канец гаміліі Папа заклікаў вернікаў прачытаць сённяшні евангельскі ўрывак, каб добра зразумець, што адбываецца тады, калі Езус праходзіць побач нас.