1585130849609.jpg

Папа нагадаў пра актуальнасць энцыклікі “Evangelium vitae”

Евангелле жыцця – гэта душа паслання Езуса Хрыста. Яно з’яўляецца асабліва актуальным у кантэксце пандэміі каронавіруса, якая пагражае жыццю людзей і сусветнай эканоміцы, - заўважыў Папа.

Падчас агульнай аўдыенцыі, якая прайшла 25 сакавіка 2020 г. у форме відэатрансляцыі з папскай Прыватнай бібліятэкі ў ватыканскім Апостальскім палацы, Святы Айцец заўважыў, што дваццаць пяць гадоў таму, ва ўрачыстасць Звеставання Пана, была абнародавана энцыкліка св. Яна Паўла ІІ “Evangelium vitae”, прысвечаная каштоўнасці і недатыкальнасці чалавечага жыцця.

“Сувязь паміж Звеставаннем і “Евангеллем жыцця” з’яўляецца блізкай і глыбокай, як падкрэсліў св. Ян Павел ІІ у сваёй энцыкліцы. Сёння, мы закліканы нагадаць гэта навучанне ў кантэксце пандэміі, якая пагражае чалавечаму жыццю і сусветнай эканоміцы. У гэтай сітуацыі словы, якімі пачынаецца энцыкліка, яшчэ больш абавязваюць: “Евангелле жыцця знаходзіцца ў самым сэрцы паслання Езуса. Касцёл кожны дзень прымае яго з любоўю, каб верна і адважна прапаведаваць як добрую вестку людзям усіх часоў і культур”, - сцвердзіў Папа.

Францішак зазначыў, што абвяшчэнне Евангелля павінна цесна пераплятацца з жыццём. “Я з удзячнасцю думаю пра маўклівае сведчанне шматлікіх людзей, якія розным чынам, не шкадуючы сябе, служаць хворым, пажылым, самотным і самым бедным. Яны рэалізуюць Евангелле жыцця як Марыя, якая, прыняўшы пасланне Анёла, адправілася дапамагаць сваёй сваячцы Альжбеце, што мела ў гэтым патрэбу”, - заўважыў ён.

Пантыфік нагадаў, што “жыццё, якое мы пакліканы падтрымліваць і абараняць – гэта не абстрактнае паняцце”, гаворка ідзе пра жыццё канкрэтнага чалавека: зачатага дзіцяці, адрынутага бедняка, самотнага хворага ці чалавека ў роспачы на тэрмінальнай стадыі, мігранта, непрынятага ці закрытага ў гета.

“Бог паклікаў кожнага чалавека карыстацца паўнатой жыцця. А паколькі чалавек давераны матчынаму клопату Касцёла, кожная пагроза яго годнасці і жыццю не можа ні адбіцца на сэрцы Касцёла, на яго матчыным “улонні”. Абарона жыцця – гэта не ідэалогія Касцёла, а рэальнасць, людская рэчаіснасць, якая тычыцца ўсіх хрысціян, і асабліва хрысціян, бо і яны – людзі. Гэта не ідэалогія!”

, - падкрэсліў Папа.

Святы Айцец заўважыў, што напады на годнасць і жыццё чалавека, на жаль, маюць месца і ў нашу эпоху паўсюдных правоў чалавека. “Больш за тое, мы знаходзімся перад абліччам новых пагроз і новых форм рабства, і закон не заўсёды абараняе самае слабое і ўразлівае чалавечае жыццё”, - звярнуў увагу Францішак.

“Пасланне энцыклікі “Evangelium vitae”, такім чынам, з’яўляецца як ніколі актуальным. Па-за надзвычайнымі сітуацыямі, як тая, што мы перажываем зараз, гаворка ідзе пра дзеянні на культурным і адукацыйным узроўні для перадачы будучым пакаленням схільнасці да салідарнасці, клопату, гасціннасці, з усведамленнем, што культура жыцця – гэта не эксклюзіўная спадчына хрысціян; яна належыць усім, хто, працуючы на карысць будавання братэрскіх адносін, прызнае каштоўнасць кожнага чалавека, нават калі ён слабы і перажывае пакуты”, - сцвердзіў Пантыфік.

Папа падкрэсліў, што кожнае чалавечае жыццё, адзінае і непаўторнае, з’яўляецца бясцэннай каштоўнасцю. “Гэта трэба абвяшчаць зноў і зноў, з адвагай слова і мужнасцю дзеянняў. Гэта заклік да салідарнасці і братэрскай любові да вялікай чалавечай сям’і і да кожнага яе члена”, - сказаў ён.

“Таму, разам са св. Янам Паўлам ІІ, з абноўленым перакананнем я паўтараю заклік, які ён скіраваў да ўсіх дваццаць пяць гадоў таму: “Паважай, барані, любі жыццё і служы жыццю – кожнаму чалавечаму жыццю! Толькі на гэтым шляху ты знойдзеш справядлівасць, росквіт, сапраўдную свабоду, мір і шчасце!”, - завяршыў катэхезу Святы Айцец.

Навіна ў фармаце аўдыё
25 сакавіка 2020, 11:09