Францішак: чысціня сэрца – гэта ўмова сузірання Бога
Традыцыйная штотыднёвая сустрэча Францішка з вернікамі прайшла ў форме відэатрансляцыі з папскай Прыватнай бібліятэкі ў ватыканскім Апостальскім палацы па ўсё той жа прычыне – гэта меры бяспекі ў разгар пандэміі.
Папа працягнуў катэхетычны цыкл, прысвечаны евангельскім благаслаўленням. Ён засяродзіў увагу на шостым: “Шчаслівыя чыстыя сэрцам, бо яны Бога ўбачаць” (Мц 5,8).
Святы Айцец зазначыў, што чысціня сэрца – гэта ўмова сузірання Бога, бо пошук Яго аблічча заўсёды звязаны з жаданнем асабістых адносін з Ім. Менавіта “неразумнае і маруднае” сэрца вучняў з Эмаўс было прычынай іх слепаты: яны мелі перад сабой Езуса, але не маглі распазнаць Яго. І Хрыстус расплюшчвае іх вочы падчас дарогі, кульмінацыяй чаго становіцца ламанне хлеба. Папа заклікаў “паглыбіцца ў сябе і стварыць месца для Бога”. Ён нагадаў словы св. Аўгустына: “Бог больш блізкі да мне, чым я сам”.
“Каб убачыць Бога, не трэба змяняць акуляры, пункт гледжання, тэолагаў, якія вучаць мяне шляху: трэба вызваліць сэрца ад яго памылак! Гэта адзіны шлях. Канчатковае сталенне адбываецца тады, калі разумеем, што наш найгоршы вораг часта схаваны ў нашым сэрцы. Самая высакародная бітва – гэта змаганне супраць духоўных ілюзій, народжаных нашымі грахамі. Грахі змяняюць унутраны зрок, змяняюць ацэнку рэчаў, дэманструюць несапраўднае ці, па меншай меры, не зусім сапраўднае”, - сказаў Папа.
Тлумачачы, чым з’яўляецца “чысціня сэрца”, Святы Айцец нагадаў, што ў Бібліі сэрца – гэта не толькі пачуцці, “але самая глыбокая частка чалавека, духоўная прастора, дзе асоба з’яўляецца сабой”. Чалавек з чыстым сэрцам жыве прысутнасцю Бога, захоўвае ў сэрцы годнае адносін з Ім. Толькі так яго жыццё становіцца “з’яднаным”: прамалінейным, недвухсэнсавым, простым.
“Такім чынам, ачышчанае сэрца – гэта вынік працэсу, які прадугледжвае вызваленне і адрачэнне. Чыстае сэрца не нараджаецца такім, яно перажывае ўнутранае спрашчэнне, вучыцца адракацца ад зла ў сабе, што ў Бібліі называецца “абразаннем сэрца”, - падкрэсліў Пантыфік.
Для ўнутранага ачышчэння трэба ўмець распазнаць тую частку сэрца, якая знаходзіцца пад уплывам зла, умець дазваляць Святому Духу вучыць і весці. “Шлях ад хворага сэрца, ад сэрца грэшніка, ад сэрца, няздольнага па прычыне граху бачыць усё добрае, да сэрца, напоўненага святлом, здольнага бачыць Бога – гэта справа Святога Духа, - заўважыў Папа.
“У гэтым благаслаўлёным позірку прысутнічае будучае эсхаталагічнае вымярэнне, як і ва ўсіх благаслаўленнях – гэта радасць Божага Валадарства, да якога ідзём. Але ёсць іншае вымярэнне: бачыць Бога – значыць разумець задумы Провіду ў тым, што адбываецца, распазнаваць Яго прысутнасць у сакрамэнтах, у братах, асабліва ў бедных і спакутаваных, распазнаваць Яго там, дзе аб’яўляецца”, - сказаў Папа.
Завяршаючы катэхезу, Францішак заклікаў кожнага без страху расчыніць дзверы свайго сэрца Святому Духу, каб Ён мог ачысціць яго і весці нас наперад па шляху да паўнаты радасці.