1586451170587.JPG

Францішак: служэнне – шлях да Нябеснага Валадарства

Падчас св. Імшы Вячэры Пана Святы Айцец узгадаў пра святасць шматлікіх святароў, якія ахвяравалі жыццём, асабліва ў цяперашні перыяд пандэміі.

Літургія вечарам 9 красавіка 2020 г. прайшла ў амаль пустой базыліцы св. Пятра. Падчас яе не было традыцыйнага абраду абмывання ног і выстаўлення Найсвяцейшага Сакрамэнту. У гаміліі, прамоўленай без загадзя падрыхтаванага тэксту, Папа засяродзіў увагу на трох словах: Эўхарыстыя, служэнне, намашчэнне.

Францішак зазначыў, што Езус пажадаў застацца з намі ў Эўхарыстыі, таму, калі спажываем яе, становімся жывым табернакулюмам. Калі не будзем спажываць Яго цела і піць Яго кроў, не ўвойдзем у Валадарства Нябеснае, нагадаў словы Хрыста Пантыфік. І гэта дапаўняецца яшчэ адным вымярэннем – служэннем.

“Каб увайсці ў Нябеснае Валадарства мы павінны дазволіць Пану служыць нам, дазволіць Божаму Слузе стаць нашым слугой. І гэта цяжка зразумець”

, - заўважыў Пантыфік.

Звяртаючыся да святароў, з якімі па прычыне пандэміі не мог цэлебраваць св. Імшу Хрызма, Папа падкрэсліў, што “усе мы, ад першага да апошняга, былі намашчаны Панам, каб цэлебраваць Эўхарыстыю і служыць”.

Ён прыгадаў духавенства, якое ахвяравала жыццём і стала слугамі іншых: святароў, якія памерлі ў Італіі ад каронавіруса; якія служаць у турмах; якія абвяшчаюць Евангелле ў далёкіх краінах і паміраюць там; якіх абражаюць на вуліцах па прычыне злачынстваў, учыненых іншымі святарамі; здольных прасіць прабачэння, “таму што мы ўсе з’яўляемся грэшнікамі”.

Францішак заклікаў душпастыраў заўсёды несці прабачэнне, нават у выпадку сумневаў. “Будзьце мужнымі. Прабачайце і суцяшайце, нават рызыкуючы. І калі вы ў пэўны момант не можаце даць сакрамэнтальнае адпушчэнне грахоў, прынамсі нясіце братэрскае суцяшэнне, заўсёды застаючыся побач і трымаючы дзверы адчыненымі, каб даць магчымасць вярнуцца”, - пажадаў Папа.

Святы Айцец запэўніў: “Езус вас любіць. Толькі просіць дазволіць Яму абмыць вашы ногі”.

Рэпартаж з базылікі св. Пятра
10 красавіка 2020, 10:30