Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота

Папа аказаў фінансавую дапамогу шпіталю ў Бергама

Францішак перадаў 60 тыс. еўра на патрэбы бальніцы імя св. Яна ХХІІІ у Бергама, медыцынскі персанал якога знаходзіцца ў першых шэрагах барацьбы з каронавірусам на поўначы Італіі.

Гаворка ідзе пра чарговы выраз пастырскага клопату Папы аб насельніцтве рэгіёну, які асаблівым чынам пакутуе ад пандэміі. 18 сакавіка 2020 г. Пантыфік патэлефанаваў біскупу Бергама Франчэска Бэскі, каб выказаць свой боль па прычыне смерці шматлікіх святароў і вернікаў і запэўніць у блізкасці да хворых, медыкаў, сем’яў, парафій і ўсяго насельніцтва правінцыі. Іерарх, ад імя ўсёй дыяцэзіяльнай супольнасці, падзякаваў Святому Айцу за падтрымку і запэўніў яго ў малітве.

Фінансавыя сродкі, ахвяраваныя Пантыфікам, будуць выкарыстаны, у тым ліку, для падтрымкі працы палявога шпіталя, арганізаванага італьянскай арміяй на тэрыторыі выставачнага цэнтра ў Бергама, спецыяльна для дапамогі хворым з каронавірусам.

На цяперашні час у правінцыі Бергама налічваецца каля 9,3 тыс. інфіцыраваных, іх колькасць працягвае расці. На працягу сакавіка ад каронавіруса тут памерлі каля 2,6 тыс. чалавек.
 

04 красавіка 2020, 12:41