Папа падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане Папа падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане

Францішак у Дзень Зямлі: мы зграшылі супраць планеты

Аднавіць намаганні, накіраваныя на тое, каб любіць і цаніць цудоўны дар зямлі, наш супольны дом, і клапаціцца пра ўсіх членах чалавечай сям’і, - заклікаў Святы Айцец 22 красавіка 2020 г.

Падчас агульнай аўдыенцыі, якая прайшла ў форме відэатрансляцыі з ватыканскага Апостальскага палацу, Пантыфік прысвяціў катэхезу 50-му Сусветнаму дню Зямлі.

“Як паказвае трагічная пандэмія каронавіруса, толькі разам і беручы на сябе цяжкасці самых слабых мы можам перамагчы глабальныя выклікі. Энцыкліка “Laudato si’” мае падзагаловак: “прысвечаная клопату пра супольны дом”. Сёння запрашаю паразважаць разам аб той адказнасці, якой пазначана “наша існаванне на зямлі”. Мы павінны ўзрастаць ва ўсведамленні патрэбы клопату аб супольным доме”, - сказаў ён.

Пантыфік нагадаў, што мы “зроблены з зямной матэрыі”, а “плады зямлі” падтрымліваюць наша жыццё. Кніга Быцця, аднак, нагадвае пра тое, што мы не толькі “зямныя”, але носім у сабе “жыццядайны подых, які паходзіць ад Бога”.

“Мы жывём у супольным доме адзінай чалавечай сям’ёй і ў біяразнастайнасці з іншымі Божымі стварэннямі. Як imago Dei, вобраз Бога, мы пакліканы атуляць клопатам і павагай усе стварэнні, адчуваць любоў і спагаду да нашых братоў і сясцёр, асабліва самых слабых, наследуючы Божую любоў да нас, што аб’явілася ў Яго Сыне Езусе, Які стаў чалавекам, каб раздзяліць з намі наш стан і збавіць нас”, - сцвердзіў Папа.

Францішак заўважыў, што эгаізм чалавека прывёў да занядбання яго адказнасці заставацца “ахоўнікам і распарадчыкам зямлі”: мы забрудзілі наш супольны дом, паставіўшы пад пагрозу нават уласнае жыццё.

“Мы зграшылі супраць Зямлі і супраць нашых бліжніх, і, па сутнасці, супраць Стварыцеля, добрага Айца, які клапоціцца пра кожнага і жадае, каб мы жылі разам у адзінстве і дабрабыце”

, - дадаў ён.

Пантыфік нагадаў іспанскае прыслоўе, якое кажа, што “Бог прабачае заўсёды, людзі прабачаюць час ад часу, а Зямля не прабачае ніколі”. “Зямля не прабачае: калі мы спустошылі Зямлю, адказ будзе вельмі суровым”, - папярэдзіў Святы Айцец.

Паводле Папы, каб аднавіць гарманічныя ўзаемаадносіны з зямлёй і рэштай чалавецтва, патрэбны “новы погляд на наш супольны дом”, які, нагадаў ён, не з’яўляецца “складам рэсурсаў, прызначаным для спусташэння”. Для вернікаў прыродны свет – гэта “Евангелле стварэння”, якое ўказвае на “творчую магутнасць Бога”.

“Адзначаючы сёння Сусветны дзень Зямлі, мы пакліканы аднавіць адчуванне сакральнай пашаны да Зямлі, бо яна з’яўляецца не толькі нашым, але і Божым домам. Адсюль нараджаецца ўсведамленне таго, што мы стаім на святой зямлі”

, - сказаў Пантыфік.

Францішак заклікаў да экалагічнага навяртання, якое павінна выражацца ў канкрэтных учынках. Ён нагадаў пра важнасць супрацоўніцтва паміж краінамі, у сувязі з чым заклікаў адказна падысці да двух буйных міжнародных канферэнцый: 15-й нарады Канферэнцыі бакоў Канвенцыі аб біялагічнай разнастайнасці (COP 15) у кітайскім Куньміне, і Канферэнцыі ААН па зменах клімату ў шатландскім Глазга.

Пантыфік звярнуў увагу таксама на неабходнасць экалагічных ініцыятыў на нацыянальным і мясцовым узроўнях. “Кожны з нас можа зрабіць свой малы ўклад: “Нельга думаць, што гэтыя намаганні і так не зменяць свет. Такія дзеянні кідаюць у грамадстве зерне дабра, якое заўсёды прыносіць плён, незалежна ад таго, што можна сцвердзіць візуальна. Яны распачынаюць ва ўлонні гэтай зямлі дабро, якое заўсёды мае тэндэнцыю да пашырэння, часам незаўважальна (“Laudato si’”, 212)”, - адзначыў ён.

“У гэты велікодны час аднаўлення, адновім нашы высілкі, накіраваныя на тое, каб любіць і цаніць цудоўны дар – Зямлю, наш супольны дом, і клапаціцца пра ўсіх членаў чалавечай сям’і. Як браты і сёстры, якімі з’яўляемся, будзем разам прасіць нашага Нябеснага Айца: Спашлі свайго Духа і аднаві аблічча зямлі”, - завяршыў катэхезу Францішак.
 

22 красавіка 2020, 11:19