1561716488515.JPG

Святы Айцец спачувае Мальтыйскаму ордэну пасля смерці Магістра

У Рыме ў ноч на 29 красавіка памёр Вялікі магістр Суверэннага Мальтыйскага ордэна брат Джакама Дала Торэ дэль Тэмп’ё дзі Сангвінэта. Яму было 75 гадоў.

Францішак у спецыяльнай тэлеграме выказаў шчырае спачуванне ўсяму Ордэну. Ён назваў Дала Торэ “руплівым чалавекам культуры і веры”. “Памятаю яго адданую вернасць Хрысту і Евангеллю, спалучаную з шчодрай прыхільнасцю выконваць свае абавязкі ў духу служэння на карысць Касцёла, яго прысвячэнне тым, хто найбольш пакутуе”, - напісаў Папа, абяцаючы сваю малітву аб вечным супакоі для памерлага.

Джакама Дала Торэ быў прыняты ў Мальтыйскі ордэн у 1985 г. Займаў у ім розныя пасады. 80-м Вялікім магістрам быў абраны 2 мая 2018 г.

Скончыўшы літаратурна-філасофскі факультэт у рымскім універсітэце La Sapienza па спецыяльнасці хрысціянская археалогія і гісторыя мастацтва, Дала Торэ выкладаў класічную грэчаскую мову ў Папскім урбаніянскім універсітэце. Быў бібліятэкарам, архіварыюсам, аўтарам навуковых прац і артыкулаў па гісторыі сярэднявечнага мастацтва. Памерлы актыўна ўдзельнічаў у дабрачыннай дзейнасці Мальтыйскага ордэна, асабіста дапамагаў патрабуючым і раздаваў ежу рымскім бяздомным.

30 красавіка 2020, 11:30